У Гродне ў двух дзяцей пасля цяжкай формы кішачнай інфекцыі адмовілі ныркі
5 жнiўня 2024 у 1722850980
«Зеркало»
У Гродне ў двух дзяцей адмовілі ныркі пасля пасля цяжкай формы кішачнай інфекцыі, іх забралі на лячэнне ў Мінск. Як кажуць медыкі, прычынай маглі стаць разрэзаныя кавуны або дыні, набытыя з рук, паведамляе «Беларусь 4».

Няшчасце адбылося з дзецьмі ва ўзросце двух і чатырох гадоў, у якіх развілася цяжкая кішачная інфекцыя. Вострая інтаксікацыя дала ўскладненні: у дзяцей адмовілі ныркі, іх адправілі спачатку ў абласную бальніцу, потым у Мінск. Ім праводзяць гемадыяліз.
- У нас пралячылася два дзіцяці ва ўзросце ад двух да чатырох гадоў, у якіх кішачная інфекцыя ўскладнілася ныркавай недастатковасцю. Яна запатрабавала не толькі кансерватыўнага лячэння, але нават выкарыстання гемадыялізу. І запатрабавала пераводу на вышэйшы ўзровень у Мінск у дзіцячую бальніцу, - расказала намесніца галоўнага доктара па медыцынскай частцы Гродзенскай абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы Юлія Красько.
Паводле медыка, калі ў дзяцей развіваецца вострая кішачная інфекцыя ў цяжкай форме, таксіны выклікаюць паражэнне ныркавых канальчыкаў, і развіваецца ныркавая недастатковасць. Гэта прыводзіць да таго, што дзеці перастаюць мачыцца, і патрабуецца правядзенне ныркавазамяшчальнай тэрапіі. Як правіла, неабходнае доўгае лячэнне з не заўсёды спрыяльным вынікам.
Прычынай інфекцыі маглі стаць кавуны або дыні, якія прадаюцца з рук у разрэзаным выглядзе, - у гэтым выпадку ў ягадзе хутка размножваюцца хваробатворныя мікробы. Таксама на стыхійных рынках можна нарвацца на садавіну і ягады з высокім утрыманнем нітратаў і пестыцыдаў.