Пасля суботняга пажару на мінскім бульвары Шаўчэнкі, дзе загінулі пяць дарослых і адно дзіця, праца па кантролі за газавым абсталяваннем будзе ўзмоцненая, заявіў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч. Нагадаем, адна з версій прычыны інцыдэнту — выбух бытавога газу.
Міністр расказаў, што ў Беларусі ўжо прымаюцца меры па кантролі за эксплуатацыяй газавага абсталявання: у прыватнасці, праводзіцца планавае тэхнічнае абслугоўванне ўнутрыдамавых газаправодаў і бытавога абсталявання. Аднак цяпер гэтая праца будзе ўзмоцненая, паабяцаў ён.
— Дадаткова вызначаныя напрамкі, дзе і якім чынам першапачаткова будзе агляд газавага абсталявання, у якіх шматкватэрных жылых дамах, з мэтай пацвердзіць, што ўсё працуе надзейна і бяспечна, — паведаміў Каранкевіч.
Што адбылося на пажары ў Мінску
Нагадаем, пажар на другім паверсе пяціпавярховага жылога дома на бульвары Шаўчэнкі ў Мінску здарыўся 17 снежня каля 03.30. У МНС паведамілі, што ўзгаранне адбылося ў дзвюх кватэрах на агульнай плошчы каля 40 м². Пазней на другім і чацвёртым паверхах у кватэрах ратавальнікі знайшлі шэсць чалавек, сярод іх было 11-гадовае дзіця. Медыкі канстатавалі іх смерць.
Трох чалавек, у тым ліку дзіця, шпіталізавалі. Паводле звестак Мінздароўя, яны ў рэанімацыі, дзіця — на ШВЛ. З сумежных і вышэйшых кватэр эвакуявалі больш за 20 чалавек.
СК завёў крымінальную справу па ч. 3 арт. 304 (парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асобаў) Крымінальнага кодэкса Беларусі. За гэта прадугледжана да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Першапачаткова ў паведамленні СК гаварылася пра выбух бытавога газу, але потым паведамленне было змененае, а менавіта гэтая інфармацыя выдаленая.
Як паведамляе МНС, акрамя версіі пра выбух газу цяпер прапрацоўваецца версія, што прычынай пажару стала ўспышка пароў лёгкаўзгаральнай вадкасці. Пра гэта сведчаць знойдзеныя ў адной з кватэр ёмістасці, у якіх, магчыма, захоўвалася гэтая вадкасць.