У 2021 годзе ў возеры Доўгае Браслаўскага раёна знайшлі цела забітай жанчыны. Справа дагэтуль не раскрытая, піша мясцовае выданне «Браслав Online».
Цела ў вадзе знайшлі рыбакі 9 чэрвеня 2021 года. У той жа дзень па факце гібелі жанчыны была распачатая крымінальная справа.
Высветліць асобу жанчыны не ўдалося. Па знешніх прыкметах пазнаць яе было немагчыма, бо цела было моцна пашкоджанае доўгім знаходжаннем у вадзе. З гэтай самай прычыны падчас ускрыцця не ўдалося вызначыць і дакладную дату смерці. Разам з тым эксперты знайшлі на целе пашкоджанні, якія маглі спрычыніцца да яе смерці. Таму Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па частцы 1 артыкула 139 (Забойства).
Біялагічны матэрыял загінулай параўналі з базай дадзеных ДНК, але і тут не знайшлося супадзенняў. Паводле адной з версій, забітая наогул можа не быць грамадзянкай Беларусі.
Паводле інфармацыі спецыялістаў, меркаваны ўзрост загінулай — 20−40 гадоў, яна была сярэдняга целаскладу, ростам 168 сантыметраў, валасы цёмнага колеру.
Аператыўнікі праверылі на дачыненне да злачынства ўсіх судзімых грамадзян, абышлі 812 дамоў у некалькіх сельсаветах і пагаварылі з жыхарамі. Толькі адна з жыхарак расказала, што чула жаночы крык з боку возера ў лістападзе 2020 года.
Нагадаем, раней следчыя раскрылі забойства жыхаркі Пружан 2014 года. Справа расследавалася дзевяць гадоў. Высветлілася, што забіў дзяўчыну жыхар Брэста. Ён яе згвалціў у лесе, потым збіў да смерці, а цела абліў бензінам і падпаліў. 30 снежня 2022 года яму вынеслі прысуд — 23 гады пазбаўлення волі.
Следчыя просяць усіх, хто мае любую інфармацыю, якая можа дапамагчы раскрыць гэтае злачынства, звярнуцца ў Браслаўскі раённы аддзел унутраных справаў па тэлефонах: 8−02153−35−1−55, 62−6−03, 8−029−5145825, 8−033−3568545 ці па нумары 102.