Мінчанка гасцявала ў бабулі ў Польшчы, і тая падаравала ёй пяць тысяч даляраў. З 50 стадаляравых банкнот 39 аказаліся падробкай, паведамляе Дзяржаўны камітэт судмедэкспертыз (ДКСЭ).
У Мінску 41-гадовы мужчына звярнуўся ў аддзяленне аднаго з банкаў горада, каб абмяняць чатыры купюры наміналам 100 даляраў ЗША кожная. Аднак касірка валютна-абменнага пункта западозрыла падробку і паведаміла пра гэта ў міліцыю.
Мінчук паведаміў міліцыі, што грошы на суму пяці тысяч даляраў ягоная жонка атрымала ў падарунак ад бабулі, калі гасцявала ў яе ў Польшчы. Ні ён, ні яго жонка не падазравалі, што купюры могуць быць фальшывымі.
Мужчына добраахвотна выдаў міліцыі яшчэ 46 купюраў наміналам 100 даляраў, якія захоўваліся ў яго дома. Усе 50 купюраў забралі і адправілі на экспертызу.
Згодна з заключэннем Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, з 50 купюр 39 аказаліся падробленымі. Эксперты выявілі наступныя прыкметы неадпаведнасці: адсутнасць рэгламентаваных спосабаў друку, іншая колераперадача выяваў, невыразнае прайграванне мікратэксту, адсутнасць колерапераменнага элементу OVI і вадзянога знака, неадпаведнасць першай літары серыйнага нумару серыі года выпуску ў асобных купюрах.
Гэтыя прыкметы пацвердзілі, што 39 канфіскаваных банкнот не былі зробленыя прадпрыемствам, упаўнаважаным на выпуск гэтай прадукцыі, то-бок былі фальшывымі.
Заведзеная крымінальная справа.