Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Народнай артыстцы Беларусі Ядвізе Паплаўскай 1 траўня афіцыйна спаўняецца 75 гадоў (чаму «афіцыйна», мы яшчэ ўспомнім). Гэтая жанчына, без сумневу, — адна з самых яркіх зорак нашай эстрады, прычым як за савецкім часам, так і пасля здабыцця краінай незалежнасці. Расказваем пра яе ўзыходжанне на музычны Алімп, фантастычны поспех гурта «Верасы», салісткай якога яна была, гісторыю яе адносін з Аляксандрам Ціхановічам, а таксама пра жыццё спявачкі ў апошнія гады.

Музычнае дзяцінства і мара пра сямейнае трыа

1 траўня — афіцыйны дзень нараджэння Ядвігі Паплаўскай, пазначаны ва ўсіх энцыклапедычных даведніках. Але насамрэч яна прыйшла на свет 25 красавіка 1949 года, а супрацоўніцы ЗАГСа чамусьці пераканалі яе бацьку зарэгістраваць днём нараджэння дачкі Дзень працы. Месцам яе нараджэння была вёска Далідовічы Валожынскага раёна (побач з Налібоцкай пушчай). Пазней сям’я пераехала ў Мінск.

Бацькам Ядвігі быў вядомы хормайстар Канстанцін Паплаўскі. Менавіта з яго ўдзелам дырыжор Генадзь Цітовіч стварыў знакаміты харавы калектыў (цяпер гэта Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча).

«У нашай сям'і было трое дзяцей: старэйшая сястра, малодшы брат і я. У таты была мара зрабіць сямейнае трыа, — успамінала Ядвіга Паплаўская. — Крысціна мусіла граць на фартэпіяна, я — на скрыпцы, а малодшы Чэсік — на віяланчэлі. Шчыра кажучы, першы год я вельмі старалася, займалася добрасумленна. Але мне было так цяжка доўга стаяць і трымаць у руках скрыпачку, што на мяне махнулі рукой і пасадзілі за фартэпіяна. Тут я праявіла ўседлівасць, бо мне было цікава падбіраць мелодыі, граць з сястрой на чатыры рукі і бачыць, як гэта падабаецца маме і тату».

Дочери беларусского композитора Константина Поплавского Ядвига (слева) и Кристина во время занятий по музыке. 1955 год. Фото: Александр Дитлов, Беларусский государственный архив кинофотофонодокументов
Дочкі беларускага кампазітара Канстанціна Паплаўскага Ядвіга (злева) і Крысціна падчас заняткаў музыкай, 1955 год. Фота: Аляксандр Дзітлаў, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў

Стэфанія, мама будучай спявачкі, таксама выдатна разбіралася ў музыцы. «У яе быў вельмі добры слых, яна спявала ў касцёле. Калі мы пачалі займацца музыкай, мама сядзела з намі на ўроках і настолькі хутка ўсё схоплівала, што потым магла дома паказаць нам памылкі. Яна цягнула на сабе ўвесь дом, а пасля таго як дзеці з’явіліся ўжо і ў нас, дапамагала з імі. Толькі дзякуючы ёй мы маглі нармальна гастраляваць», — успамінала Паплаўская.

У дзяцінстве ўся сям’я жыла мастацтвам. «Мы з сястрой Крысцінкай і братам Чаславам дыхалі музыкай з самага ранняга дзяцінства, ведалі і гралі творы Чайкоўскага, Моцарта, пастаянна хадзілі ў Оперны тэатр. Хоць сустрэла я неяк сваю школьную сяброўку, яна кажа: „Ой, Ядзька, у вас жа не было дзяцінства, гэта быў жах. Вас жа тата замучыў гэтымі заняткамі“. А мне гэта было ў радасць. Менавіта музыка мяне зрабіла пазітыўным чалавекам. На гэтым і трымаюся», — расказвала артыстка.

Намаганні бацькоў марна не зніклі. Крысціна стала піяністкай, Часлаў граў у знакамітым ансамблі «Песняры». Але менавіта Ядвіга стала самай вядомай сярод іх.

З’яўленне «Верасоў» і знаёмства з Ціхановічам

Хаця спачатку нічога не прадказвала такой будучыні. Пасля школы Ядвіга паступіла ў Мінскую кансерваторыю. Наогул, яна скончыла яе двойчы: у 1972-м па класе фартэпіяна, а потым у 1988-м — аддзяленне кампазіцыі. Дык вось за год да першага выпуску, у 1971-м, з’явілася першая беларуская жаночая група — «Верасы».

«„Верасы“ прыдумала тады яшчэ студэнтка кансерваторыі Тася Тлехуч. Цяпер яе прозвішча Міронава, яна рэгент дзіцячага хору пры Мінскай епархіі. Ідэя была такая: зрабіць такую ж групу, як „Песняры“, толькі жаночую, — тлумачыла Паплаўская. — Кіраўніцтву мінскай філармоніі ідэя спадабалася. І ў 1971 годзе з’явіўся дзявочы ВІА [вакальна-інструментальны ансамбль] „Верасы“ з пяці чалавек. Толькі барабаншчыцы мы не знайшлі, на барабанах граў хлопец. Мы калясілі па гастролях з заслужаным артыстам БССР, спеваком Эдуардам Міцулем».

Трохі пазней да калектыву далучыліся Людміла Ісупава (пазней яна стала адзінай жанчынай, якая працавала ў «Песнярах», — тыя ў сваю чаргу былі абсалютна мужчынскім калектывам) і Надзея Мікуліч.

Участники ВИА «Верасы»: 1-й слева — Александр Тиханович, 3-я слева — Ядвига Поплавская, 2-й справа — художественный руководитель Василий Раинчик. Минск, 1979 год. Фото: Евгений Коктыш, БГАКФФД
Удзельнікі ВІА «Верасы»: 1-ы злева — Аляксандр Ціхановіч, 3-я злева — Ядвіга Паплаўская, 2-і справа — мастацкі кіраўнік Васіль Раінчык. Мінск, 1979. Фота: Яўген Коктыш, БДАКФФД

Паводле Паплаўскай, праз два гады, у 1973-м, да Міцуля прыйшоў калектыў акампаніятараў з кіраўніком Юрыем Рымашэўскім. Тады з’явілася думка зрабіць з гэтымі музыкамі змяшаны ансамбль. На гэтае рашэнне паўплывала яшчэ адна акалічнасць: некаторыя з дзяўчат пасля замужжа былі вымушаныя ўсю сваю ўвагу аддаваць не сцэне, а сям'і. Пасля аб’яднання Рымашэўскі стаў музычным кіраўніком «Верасоў».

Гэтае рашэнне радыкальна змяніла жыццё Ядвігі, хай і не адразу. Сярод іншых тады ў ансамбль прыйшоў Аляксандр Ціхановіч.

«Гэта было менавіта каханне з першага погляду, — расказваў ён. — Да таго часу, як мы ўпершыню сустрэліся, я ўжо быў больш-менш папулярным музыкам. Калі ў 1973 годзе адслужыў у войску, адразу пайшоў граць у ансамбль „Мінск“ <…>. Але самі разумееце, які джаз-рок з назвай „Мінск“ мог быць у Савецкім Саюзе? Як толькі гурт пачаў набіраць сур’ёзныя абароты, хтосьці напісаў у Мінкульт гнеўны ліст, маўляў, гэтая музыка нам чужая, яна не нясе нічога добрага. На зварот адрэагавалі аператыўна, і нас неўзабаве закрылі. Таму я акурат быў у пошуку новага калектыву. <…> Аднойчы я трапіў на іх рэпетыцыю, і мне адразу неймаверна спадабалася Ядзя Паплаўская. Вельмі далікатная, уся такая засяроджаная… Я зразумеў, што гэта яна. І ўсе гэтыя гады даказалі мне, што я не памыліўся: яна — мой анёл-ахоўнік».

Да сваёй будучай жонкі Аляксандр вырашыў падабрацца здалёк: «Як яна цяпер кажа, спачатку я заляцаўся да яе сяброўкі, таксама дзяўчынкі з калектыву, а толькі потым да яе. Але насамрэч я проста такім чынам спрабаваў да яе падабрацца. Яна ж уся была ў музыцы, ніякіх хлопцаў! А потым, памаленьку, пасля рэпетыцый — то ў кіно, то ў кавярні. У лістападзе 1976 года мы ажаніліся».

А вось Паплаўская спачатку была настроеная да гэтых адносін скептычна. «Саша быў абаяльным, лёгкім, ён зрабіў добрае ўражанне на маіх бацькоў, якія, у сваю чаргу, пастаянна паўтаралі мне, што праца працай, але час выходзіць замуж, тым больш што сустрэўся такі добры хлопец, выдатны музыка», — успамінала артыстка.

«Заляцаўся прыгожа — кветкі, цукеркі, запрашаў у кіно, праводзіў дадому. Потым пачаў клікаць замуж. Спачатку мне чамусьці не хацелася, а потым падумала: добра, можна ж потым развесціся, калі што», — дадавала яна ў іншым інтэрв'ю.

Вяселле адбылося ў 1976-м. «Самая галоўная неспадзяванка здарылася падчас нашага вяселля, — успамінаў Ціхановіч. — Рэгістратар у ЗАГСе пытае Ядзю: «Вы згодныя?"А яна маўчыць. Праходзіць хвіліна, другая, трэцяя… Я ледзь не звар’яцеў у гэты момант, думаў: што ж гэта адбываецца? Бацькі ўжо пачалі перашэптвацца. Нарэшце яна кажа: «Так, згодная!» Я ў Ядзі потым спытаў, чаму яна маўчала. «Я доўга думала, а потым вырашыла: ай, калі нешта не спадабаецца, магу і развесціся»».

Свадьба Александра Тихановича и Ядвиги Поплавской. Фото: семейный архив, naviny.by
Вяселле Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай. Фота: сямейны архіў, naviny.by

Нягледзячы на ўсе гэтыя абставіны, Паплаўская і Ціхановіч ператварыліся ў надзвычай моцную пару.

«Яны гарманічна складаюць нейкі адзіны саюз, хоць, па сутнасці, зусім розныя людзі — характарам, светаўспрыманнем, але пры гэтым у нейкіх момантах глабальна супадаюць, — тлумачыла ў інтэрв'ю іх адзіная дачка Анастасія. — Супадаюць настолькі, што ўсе гэтыя адрозненні ўжо не маюць ніякага значэння. Таму ў іх тандэме няма галавы, няма шыі, а ёсць адзіны арганізм. І калі ёсць пытанне, на якое ў гэты момант адзін з іх ведае адказ і можа прыняць па ім рашэнне, то ён гэта робіць».

Росквіт гурта і наркатычны скандал

Не менш паспяхова, чым асабістае жыццё, развіваліся і кар’еры мужа і жонкі. Яшчэ ў 1974 годзе ў «Верасах» змяніўся кіраўнік. Пасля маскоўскага фестывалю гурт трапіў на канцэрт, дзе гукарэжысёр пабіўся з саксафаністам. Рымашэўскі пайшоў іх разнімаць. Але пасля вяртання ў Мінск яго звольнілі і выгналі з камсамолу, што выключала вяртанне. Пасаду кіраўніка прапанавалі самой Паплаўскай, але яна разам з Ціхановічам парэкамендавала іх сябра Васіля Раінчыка, які і стаў нязменным кіраўніком ансамбля.

У «Верасах» перыядычна мяняліся салісты, але калектыў выходзіў на ўсё вышэйшы ўзровень. У першай палове 1980-х ансамбль літаральна штампаваў хіты. Напрыклад, на «Песню года» — галоўны савецкі штогадовы музычны фестываль — траплялі такія песні ВІА, як «Люблю тебя» (1979), «Малиновки заслышав голосок», «Белый парус» (1980), «Я у бабушки живу» (1981), «Завіруха», «Любовь моя» (1982), «Страдания» (1983), «Першае спатканне» (1985).

Ядвига Поплавская и Александр Тиханович. Фото: семейный архив, naviny.by
Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. Фота: сямейны архіў, naviny.by

««Верасы» ў 80-я рэальна былі мільянерамі — давалі па сто канцэртаў на месяц, — расказвала Ірына Цвяткова, жонка Васіля Раінчыка. — У 1983 годзе ва Узбекістане мы далі за месяц 120 канцэртаў, можаце сабе ўявіць? 20 канцэртаў запар у адным невялікім горадзе, напрыклад, у Новакузнецку, — гэта было нормай. Уяўляеце, якія былі зборы? Мы прыязджалі з гастроляў і маглі купіць сабе ўсё з адной паездкі: машыну, мэблю, раяль — і заставаліся грошы яшчэ на адну машыну».

Але ў 1986-м муж і жонка пакінулі ансамбль. Прычынай стаў скандал. У адзін з дзён у кішэні канцэртнага касцюма, які вісеў у грымёрцы Ціхановіча, знайшлі наркотык. На Аляксандра завялі крымінальную справу.

«Калі мы прыехалі з Далёкага Усходу, у нас былі адгулы, Сашу папярэджвалі: «За табой сочаць». А ён не зразумеў: «Чаго гэта за мной сочаць?» І недзе праз тыдзень ён знік. Стала зразумела, што ён у СІЗА ці нейкім падобным месцы. Яму інкрымінавалі, што ён з Мінска вазіў «траву» ў Сярэднюю Азію і там прадаваў, — успамінала Ядвіга Паплаўская. — Ідзе рэпетыцыя, другі дзень. Усё скончылася, я сыходжу. І тут Вася (Васіль Раінчык. — Заўв. рэд.) мне ў спіну кажа: «Запомні, толькі я магу яго або выратаваць, або знішчыць». Я набралася сіл, павярнулася, і сказала: «Вася, выратуй яго, калі ласка!» Каля адзінаццаці вечара раздаецца званок, адчыняю дзверы. Стаіць Саша. У жаху на мяне глядзіць: «Ядзя, я не разумею, ён жа мне сам даваў 25 або 50 рублёў і казаў: ідзі на рынак, купляй»». «Хто?» — удакладніў тады ў Паплаўскай журналіст. «Ды Васька!» — адказала спявачка. У прэсе сапраўды часта гучала версія, што Раінчык нібыта асцерагаўся, што Ціхановіч хоча на яго месца, — і так захацеў пазбавіцца ад канкурэнта.

Гэта быў цяжкі перыяд у жыцці сям'і. «У самыя складаныя моманты мяне заўсёды падтрымлівала Ядзя. Жонка разам з дачкой праявілі анёльскае цярпенне, асабліва калі я пачаў злоўжываць алкаголем і не толькі… Я быў на краі прорвы, ледзь не памёр. Бог выратаваў», — успамінаў Аляксандр.

Як казаў Ціхановіч, следчыя прапаноўвалі яму ўгоду: прызнаць віну і сесці на пару гадоў. Нібыта ў адваротным выпадку ён атрымаў бы ў тры-чатыры разы больш. Аляксандр не пагадзіўся, а на судзе адвакат даказаў, што касцюм, дзе знайшлі наркотыкі, не належаў артысту, той нават да яго не дакранаўся.

Аляксандра апраўдалі і вярнулі на працу ў «Верасы», але заставацца ў ансамблі пара не магла — і пакінула ВІА. Спярша Паплаўская і Ціхановіч трапілі ў толькі што арганізаваны Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Пасля перамогі на конкурсе «Песня года — 88» з кампазіцыяй «Счастливый случай» яны стварылі дуэт з аднайменнай назвай, а пазней і гурт. У 1988 годзе Ядвіга разам з мужам арганізавала Тэатр песні і творчую студыю пры калектыве.

Падтрымка «Ляпісаў» і палітвязня

У дзевяностыя гады муж і жонка заставаліся на эстрадзе, але адначасова пачалі выступаць у ролі своеасаблівых музычных настаўнікаў. Праз іх Тэатр песні, пазней ператвораны ў прадзюсарскі цэнтр, прайшлі Аляксандр Саладуха, Іна Афанасьева, гурт «Ляпіс Трубяцкой».

««Ляпіс» тады быў вельмі цікавы беларусам — акурат выйшла іх знакамітая песня «Ты кинула», — расказваў Ціхановіч. — Мне яны вельмі спадабаліся, я прапанаваў іх зняць, бо гэта было арыгінальнае і новае. У выніку мой выбар ухвалілі, і я іх паклікаў на здымкі. Яны пагадзіліся, праўда, спазніліся на паўтары гадзіны, за што я ім навешаў, а яны мне адказалі ў тым жа духу. Карацей, мы іх знялі, гурт паказалі ў гэтай перадачы, і пасля эфіру яны сталі неймаверна папулярныя і ў іншых краінах. Нічога дзіўнага: яны былі цікавыя маладым і дзякуючы нам пра іх даведаліся за межамі Беларусі. Мне прыемна, што мы ім неяк дапамаглі».

У нулявыя гады прадзюсарскі цэнтр станавіўся ініцыятарам музычных тэлепраектаў (напрыклад, нацыянальнага конкурсу песні «Хит-момент», першай беларускай фабрыкі зорак «Звездный дилижанс»). Ціхановіч быў вядоўцам гэтых праграм.

У 2006-м муж і жонка нарэшце атрымалі званне народных артыстаў Беларусі, хоць даўно былі народнымі па факце. Важна, што пры гэтым яны ніколі не былі людзьмі, якія абслугоўвалі ўладу.

Вядома, без зносін з Лукашэнкам абысціся было немагчыма. З гэтым палітыкам яны пазнаёміліся не пазней за 1995-ы, калі ў Музычным тэатры ладзілі дабрачынны канцэрт для дзяцей. Потым — фуршэт для артыстаў, на якім у тым ліку прысутнічаў Лукашэнка. А для Паплаўскай і Ціхановіча дабрачыннасць была вельмі важная: яны неаднаразова выступалі на канцэртах у дамах-інтэрнатах для дзяцей-інвалідаў і дамах-інтэрнатах для састарэлых.

«Я б хацела, каб у мяне было шмат грошай. [Тады] я б змагла дапамагчы большай колькасці людзей, — казала Паплаўская. — Я не магу, калі людзі пакутуюць. Я шчаслівая, калі дзеці, якім дапамагаеш, застаюцца ў жывых, і людзі, якім дапамагаеш, праз шмат гадоў прыносяць кветачку на канцэрт. Тым больш што сёння грошы на добрую справу сабраць, як правіла, вельмі цяжка».

Александр Тиханович с Ядвигой Поплавской на открытии "Славянского базара-2015". Фото: TUT.BY
Аляксандр Ціхановіч з Ядвігай Паплаўскай на адкрыцці «Славянскага базару — 2015». Фота: TUT.BY

За доўгія гады кіравання Лукашэнкі Паплаўская і Ціхановіч не выпадалі з абоймы «дазволенай» эстрады (рэгулярна ўдзельнічаючы ў «Славянскім базары» ці ў канцэрце «За сильную и процветающую Беларусь!» у 2006-м), але пры гэтым стараліся дапамагаць людзям і не ўдзельнічалі ў інтрыгах. Магчыма, менавіта таму Ціхановіч толькі нядоўга ўзначальваў нацыянальны тэлевізійны музычны праект «ЕвроФест» — адбор на конкурс песні «Еўрабачанне» (2006−2009).

Акрамя гэтага, яны падтрымлівалі сяброўскія адносіны і не адракаліся ад людзей, непажаданых для ўлады. Яшчэ ў 1998-м улады арыштавалі бізнесоўца і апазіцыйнага палітыка Андрэя Клімава. Яго абвінавацілі ў крадзяжы маёмасці ў асабліва буйных памерах, а ў 2000-м асудзілі на шэсць гадоў (праз два гады выпусцілі ўмоўна-датэрмінова). У студзені 2001-га Паплаўская і Ціхановіч прыйшлі да калоніі, дзе ён утрымліваўся, перадалі яму прадуктовую пасылку і словы падтрымкі.

Жыццё пасля Ціхановіча

У сярэдзіне дзясятых гадоў Аляксандр Ціхановіч пачаў хварэць. Ён памёр 28 студзеня 2017 года ад рэдкага аўтаімуннага захворвання лёгкіх. Развітацца з ім у будынак мінскай філармоніі прыйшлі тысячы людзей. Але на гэтым выпрабаванні для Ядвігі Паплаўскай не скончыліся: праз год памерла яе мама.

Пратрымацца спявачцы дапамагла праца. «Падтрымлівала праца на студыі, куды я хадзіла кожны дзень, пакуль са мной не адбылося гэта надзвычайнае здарэнне (Паплаўская прабыла дзесяць дзён у бальніцы з пераломам нагі: артыстку на пешаходным пераходзе збіў аўтамабіль). Паснедаю — і хутчэй туды. Там я знаходжу душэўны камфорт, пазбаўляюся ад адчування, быццам ад мяне адсеклі палову. Студыя — гэта мая келля», — расказвала яна ў інтэрв'ю.

Ядвига Поплавская (слева) и ее дочь Анастасия Тиханович на открытии фестиваля "Слпавянский базар". 2019 год. Фото: TUT.BY
Ядвіга Паплаўская (злева) і яе дачка Анастасія Ціхановіч на адкрыцці фестывалю «Славянскі базар», 2019 год. Фота: TUT.BY

Таксама яе не пакідалі думкі пра памерлага мужа: «Я адчуваю яго кожны дзень. Для кагосьці яго няма, але для мяне гэтая прысутнасць абсалютна рэальная. Уражанне, нібыта ён проста з’ехаў і хутка вернецца».

У апошнія гады спявачка рэдка выходзіць на сцэну. Яе канцэрты можна пералічыць на пальцах адной рукі. Напрыклад, дабрачынныя выступленні з удзелам Паплаўскай праходзілі ў чэрвені і снежні 2022 года. Але галоўнае, што яна не здрадзіла сваім прынцыпам, не пачала працаваць на прапаганду (як, напрыклад, робіць яе эстрадны калега Анатоль Ярмоленка) і не паказваецца на праўладных мерапрыемствах. Відаць, у гэтым адна з прычын таго, што доўгія гады артыстка захоўвае любоў сваіх слухачоў.

Дзякуй, што дачыталі! «Люстэрка» публікуе гісторыі вядомых людзей, якія сталі па-сапраўднаму прыкметнымі ў Беларусі. Мы хочам шчыра расказаць аб іх шляху і дапамагчы вам знайсці натхненне для ўласнага жыцця.

Дапамажыце рэдакцыі працягнуць працу

Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца прафесійным і незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.

Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.

Чытайце таксама