Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Троллейбусная сеть Минска — крупнейшая в мире. Почему от этого транспорта отказываются во многих странах, несмотря на экологичность?
  2. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  3. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  4. Калі ў Польшчы жанчына нараджае без мужа, гэта здзіўляе. Гінеколаг з'ехала з Беларусі пасля пратэстаў, а цяпер да яе стаяць чэргі ў Польшчы
  5. Эксперты проанализировали вчерашнее согласие Путина на прекращение огня, но «с нюансами» — вот их выводы
  6. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
  7. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  8. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  9. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  10. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  11. Вырашылі праверыць інфармацыю ад BYPOL і паспрабавалі ўладкавацца ў дзяржарганізацыі з подпісам за Бабарыку. Расказваем, што з гэтага выйшла
  12. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
  13. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
  14. Кіроўцы аўтобусаў сцвярджаюць, што на мяжы з Літвой «трасуць жорстка». Ці павялічыўся час праходжання?
Читать по-русски


Беларусы і беларускі, якія ўключалі тэлевізары ў нулявыя, хутчэй за ўсё, знаёмыя хаця б з адным хітовым серыялам таго часу. Тады часцей можна было натрапіць на расійскія шоу — да прыкладу, «Маю цудоўную няню» (2004) або «Не нарадзіся прыгожай» (2005), — але трапляліся і замежныя. Па НТВ, які транслявалі і ў Беларусі, з 2003 года паказвалі культавы «Сэкс у вялікім горадзе» (1998). Сёння гэтыя назвы могуць выклікаць пачуццё настальгіі. Але калі пачаць успамінаць дэталі сцэнарыяў і сюжэту, можа аказацца, што серыялы таго часу нясуць вельмі сумнеўныя каштоўнасці і прапануюць не найлепшыя ролевыя мадэлі — асабліва для жанчын. «Люстэрка» расказвае, чаму тое, на чым многія з нас раслі ца сталелі, вельмі кепска пастарэла, — на прыкладзе трох названых шоу.

Кадр из сериала "Моя прекрасная няня"
Кадр з серыяла «Мая цудоўная няня»

«Мая цудоўная няня». Суперніцтва жанчын і дэманстрацыя ўдалага замужжа як мэты ў жыцці

У першую чаргу варта адзначыць, што расійскі серыял — гэта адаптацыя арыгінальнага амерыканскага шоу The Nanny («Няня»), які выходзіў у 1990-х. Іх сюжэты практычна ідэнтычныя: жанчыны без значнага досведу працы і з зусім іншай культурай воляй лёсу трапляюць у дом да забяспечанага ўдаўца з трыма дзецьмі, якому акурат патрэбная няня.

У амерыканскай версіі для развіцця сюжэту гераіню зрабілі габрэйкай: яе культура вельмі адрознівалася ад укладу сям'і прадзюсара з Манхэтэна, у якую яна трапіла, — і на гэтым сутыкненні светаў у тым ліку будаваўся сюжэт. У расійскай жа версіі спыніліся на тым, каб зрабіць няню Вікторыю Пруткоўскую ўкраінкай родам з Марыупаля. І гэты прыклад бліжэй і наглядней паказвае, чаму такі прыём можна назваць шкодным.

У вачах расіян (то-бок большасці гледачоў) украінкі аказваліся стэрэатыпнымі «дурнічкамі, што прыехалі скараць сталіцу». Вяртанне ў Марыупаль падавалася як самае страшнае, што можа адбыцца з ураджэнкай гэтага горада, і не раз падкрэслівалася, што людзі, якія прыязджаюць адтуль, — або прадстаўнікі крымінальнага свету, або недалёкія спецыялісты ў сваёй галіне. А яшчэ ў дыялогах з няняй Вікай у серыях рэгулярна гучалі жарты пра тое, што Украіна крадзе газ, або пра нейкае «далучэнне» краіны. Паводле ўкраінскага «24канала», у 2000-я «многія гледачы не звярталі ўвагі на гэта, але вайна ўсё расставіла на свае месцы».

Можа, гэта толькі жарты. Але і тэорыя, і практыка паказваюць: стэрэатыпы вельмі жывучыя і ўплываюць на кожнага і кожную, каго датычаць. Людзі дагэтуль схільныя да перадузятасці, што нібыта многія ўкраінкі робяцца сэкс-работніцамі і паляўнічымі на чужыя грошы. Успомнім нядаўні пост амерыканскай акторкі Меган Фокс, якая параўнала сябе з «украінскай надзіманай лялькай», чым выклікала бурную рэакцыю ў каментарах.

— Самае забаўнае, што практычна кожны адмаўляе сваю схільнасць да стэрэатыпаў. Тады чаму ж Перм лічыцца радзімай неадукаванага быдла (адсылка да серыяла «Рэальныя пацаны», дзе дзеянне адбывалася менавіта ў гэтым расійскім горадзе. — Заўв. рэд.), Парыж — горадам высокамаральных і творчых асоб, а брытанцы ўсплываюць у свядомасці абавязкова з кубкам гарбаты ў руках? — задаваў рытарычнае пытанне аўтар блога «Культурны маньяк».

Але гэта далёка не ўсе праблемы серыяла. Акрамя Вікторыі і яе начальніка — прадзюсара Максіма Віктаравіча Шаталіна, вялікую ролю ў сюжэце грае персанаж Жанны Аркадзьеўны Іжэўскай, памочніцы Шаталіна па бізнесе. Яна таемна закаханая ў яго і нібы «супрацьстаіць» Вікторыі, якая таксама прэтэндуе на яго ўвагу.

Пры гэтым падаецца ўсё так, што гледачы і глядачкі хоцькі-няхоцькі ўспрымаюць Вікторыю як станоўчую гераіню, а Жанну Аркадзьеўну — як адмоўную. Бо апошняя «перашкаджае» першай «займець» жаданага мужчыну. Па-першае, гэта падтрымлівае стэрэатып пра тое, што сяброўства (ці, прынамсі, добрых адносін) паміж жанчынамі не існуе і ўсе яны адна адной канкурэнткі. Па-другое, такое супрацьстаянне гераінь узмацняе ўражанне, нібыта галоўная мэта жанчыны — выйсці замуж любой цаной і, па магчымасці, зрабіць гэта ўдала (чытай — за багатага).

— Чырвонай лініяй — што праз сюжэт амерыканскага арыгінальнага, што нашага серыяла — праходзіць тэма, што яна, вядома, уладкавалася няняй да прадзюсара Шаталіна <…>, але з першых жа серый у яе ёсць тэма, што ў сталіцы трэба, як модна казаць, замацавацца. Замацавацца праз мужыка, — падкрэслівалі ў расійскім падкасце «Паразіты».

Пры гэтым цягам усяго серыяла практычна адсутнічае акцэнт на шчырых пачуццях няні Вікі. Ствараецца адчуванне, што яе проста цікавіць шлюб, які вырашыць яе праблемы са «становішчам у грамадстве» — і што гэта ў цэлым цалкам нармальнае жаданне. Зрэшты, і ў самога Максіма Шаталіна няма ніякіх яркіх чалавечых якасцяў (акрамя статусу), за якія жанчынам хаця б быў бы сэнс «змагацца». Напрыклад, у серыяле намякаюць, што ільвіную долю працы за прадзюсара робіць яго памочніца.

«А што Жанна Аркадзьеўна і Віка знайшлі ў Максіме Віктаравічу? Самы ніякі мужык у серыяле», — заўважыла карыстальніца Х ane__mur.

Такі працэс пераасэнсавання серыяла пачаўся ў сацсетках некалькі гадоў таму. Людзі сталі пераглядаць яго сезоны з настальгіі і задаваліся пытаннем, чаму яны наогул суперажывалі Віцы, бо ў яе персанажа няма нічога сімпатычнага. Напрыклад, беларускі мастак Анатоль Чылік пісаў у 2019 годзе: «Пераглядаю „Маю цудоўную няню“ — і ўсё зусім інакш успрымаецца. Жанна Аркадзьеўна — зацкаваная самотная жанчына з разбітым сэрцам. Віка — прафнепрыдатная хабалка».

— Колькі дзяўчат у 12 гадоў паглядзелі гэты серыял і зрабілі выснову, што трэба надзяваць кароткую спадніцу і ісці да свайго начальніка на стол садзіцца? — таксама разважалі ў падкасце «Паразіты». — А Максім Віктаравіч паводзіцца са сваёй памочніцай проста максімальна таксічна: увесь час робіць ёй нейкія намёкі, фліртуе з ёю, а потым робіць выгляд, нібыта наогул нічога не было і нічога паміж імі не адбывалася, а яна ходзіць у непаразумелках.

«Не нарадзіся прыгожай». Падмацаванне вобраза «жаночага калектыву» і зацыкленасць на вонкавым, а не ўнутраным

Серыял «Не нарадзіся прыгожай», які выходзіў з 2005 да 2006 года, таксама адаптацыя — але ўжо калумбійскай тэленавелы «Я — непрыгожая Бэці». Сюжэт, як вынікае з расійскай назвы, будуецца на тым, што вонкава непрывабная гераіня можа стаць паспяховай і здабыць сваё шчасце. Гэта ўжо выклікае пытанні, бо прапануе ацэньваць жанчын (а як пазней стане ясна — і мужчын) з пункту гледжання іх знешнасці і «папулярнасці» ў супрацьлеглага полу.

Паводле сцэнара, галоўная гераіня серыяла Каця Пушкарова ўладкоўваецца на працу сакратаркай Андрэя Жданава — кіраўніка кампаніі Zimaletto, якая выпускае модную вопратку. Начальнік гераіні — стэрэатыпны прыгажунчык, яе калегі-жанчыны не адстаюць ад яго: сучасна апранаюцца і сябруюць з такімі ж, як яны. Пушкарова ж у калектыў відавочна не ўпісваецца.

Катя Пушкарева. Кадр из сериала "Не родись красивой"
Каця Пушкарова. Кадр з серыяла «Не нарадзіся прыгожай»

Гледачоў і глядачак падштурхоўвалі да суперажывання галоўнай гераіні, і ім, вядома, хацелася, каб у яе ўсё атрымалася: «недасягальны» начальнік звярнуў на яе ўвагу, а калегі па офісе перасталі ўспрымаць яе як няўдачніцу. Аднак калі прыгледзецца, то акажацца, што нікога з пералічаных нельга назваць станоўчай ролевай мадэллю.

Другая сакратарка Жданава Вікторыя Клачкова ўладкавалася на працу толькі дзякуючы знаёмствам і насамрэч нічога не ўмее. Супрацоўніцы Маша Трапінкіна, Таня Пончава, Амура і іншыя, якія ўваходзілі ў «женсовет», пастаянна перамывалі косткі ўсім у офісе, а таксама займаліся цкаваннем і псіхалагічным гвалтам Клачковай, падмацоўваючы стэрэатып пра «жаночы калектыў». У той жа час віцэ-прэзідэнт Zimaletto Раман Маліноўскі па-спажывецку ставіўся да жанчын (да прыкладу, аднойчы склаў інструкцыю па спакушэнні Пушкаровай дзеля мэтаў кампаніі). А сам Жданаў наўрад ці насамрэч разумеў, як кіраваць кампаніяй, і ўвесь час здраджваў сваёй нявесце Кіры Варапаевай.

Пры гэтым сама Пушкарова таксама здзяйсняла сумнеўныя ўчынкі: напрыклад, складала фальшывыя фінансавыя справаздачы і дапамагала хаваць здрады Жданава ад яго нявесты. У серыяле ўсё гэта падаецца як нешта добрае (напрыклад, адданасць начальніку і сваёй працы), а тыя ж сцэны Кіры з падазрэннямі і роспытамі намякаюць, што яна вельмі нязручная і звадлівая партнёрка. Пераглядаючы серыял праз гады, некаторыя пачалі заўважаць: насамрэч спачуваць варта было акурат «ведзьме» Кіры, а вось маральнасць многіх учынкаў «мілай» Каці Пушкаровай вельмі сумнеўная.

Псіхолаг Вольга Раманіў расказвала расійскаму выданню «7 дней», што для яе дзіўна, чаму сцэнар напісаны так, што Пушкарова не змагла раскусіць сапраўдную сутнасць начальніка і дазволіла ўцягнуць сябе ў таксічныя адносіны.

— Тут ёсць супярэчнасць. Калі яна такая разумная, то чаму не прадбачыла праўдзівы сцэнар адносін? Калі яна такая непрыгожая і закамплексаваная, чаму тады захапілася тым, хто ёй не роўны? Яна ўсведамляла, якія жанчыны могуць прэтэндаваць на Андрэя [Жданава]. Узнікае пытанне: ці такая яна разумная і ці такая непрыгожая? — каментавала псіхолаг.

У канцы тэленавелы Пушкарова ўсё ж атрымлівае пасаду кіраўніцы кампаніі замест свайго экс-начальніка і выкрывае яго ў маніпуляцыях і хлусні ў свой бок. Аднак высокую пасаду гераіня займае ўсё ж не таму, што ацанілі яе кіраўнічы талент, а ў тым ліку і з прычыны збегу абставінаў: калі б не яе сляпая любоў да Жданава і выкананне ўсіх, нават абсурдных, указанняў, яна б не аказалася на вяршыні.

Але самае галоўнае — каб прыйсці да поспеху, Пушкаровай усё адно давялося змяніць імідж. У 168-й серыі на акторку надзелі акуляры з больш «моднай» аправай, зрабілі ёй стрыжку з укладкай, а таксама пераапранулі ў трэндавыя на той момант рэчы. І толькі пасля гэтага пачалася яе «белая паласа». Атрымліваецца, замест таго каб сапраўды паказаць шлях гераіні, што прыйшла да поспеху дзякуючы свайму розуму або адрозненню ад іншых, нам паказвалі тое, што «непрыгожай» проста варта «падагнаць сябе» пад агульнапрынятыя стандарты і заваяваць лаяльнасць начальніка любой цаной.

Так Пушкарева выглядела после преображения. Кадр из сериала "Не родись красивой"
Так Пушкарова выглядала пасля пераўвасаблення. Кадр з серыяла «Не нарадзіся прыгожай»

— Нядаўна ўспаміналі «Не нарадзіся прыгожай», і атрымліваецца, што галоўная тэма опенінгу (радкі «заставайся такой, як ёсць, заставайся сама сабой» з песні ў застаўцы. — Заўв. рэд.), што назва — наогул міма канцоўкі. У выніку дзяўчына моцна мяняе сябе, падладжваючыся пад грамадства. І як гэта раней не заўважылі? — напісала карыстальніца сацсеткі Х comatsucoraline.

Пасля чаго ёй адказалі, што ўсе заўважылі, але каля 20 гадоў таму «гэта было нармальным пасылам».

— Каб быць «шчаслівай», жанчына абавязаная сядзець на дыеце, быць канвенцыйна прыгожай і «такой жа, як усе жанчыны». Змяніліся часы і стаўленне да гэтага, а серыял — чыста прадукт сваёй эпохі, — канстатавала карыстальніца Sachsen.

«Сэкс у вялікім горадзе». Жаночая інфантыльнасць і сузалежныя адносіны як ролевая мадэль

У амерыканскім серыяле «Сэкс у вялікім горадзе» сюжэту як такога няма. Чатыры сяброўкі — калумністка Кэры Брэдшоу, піяршчыца Саманта Джонс, юрыстка Міранда Хобс і галерыстка Шарлота Ёрк — жывуць у Нью-Ёрку жыццём самотных жанчын «крыху за 30» і спрабуюць знайсці сваё каханне, часам збіраючыся разам і абмяркоўваючы спатканні і сэкс.

Для свайго часу гэты серыял быў рэвалюцыйным: у адрозненне ад дзвюх расійскіх адаптацый, пра якія расказвалася вышэй, гэтае шоу стала сапраўдным сусветным прарывам: чатыры выдуманыя жаночыя персанажы ўпершыню загаварылі пра сэкс адкрыта, проста з экранаў тэлевізараў — і гэта дазволіла мільёнам рэальных жанчын узяць з іх прыклад. Але раіць гэты серыял у 2024 годзе або капіяваць мадэлі паводзін гераінь будзе ўжо відавочна лішнім.

Кадр из сериала "Секс в большом городе"
Кадр з серыяла «Сэкс у вялікім горадзе»

Нягледзячы на эмпансіпаванасць і раскаванасць галоўных гераінь, практычна ўсё, што імі рухае, — гэта жаданне знайсці мужчыну, спакусіць яго ці ўтрымаць, адпомсціць яму, выйсці за яго замуж або сысці (выбраць патрэбнае). Галоўнай драмай цягам усяго серыяла заставаліся адносіны Кэры і містара Біга — мужчыны, у якога яна была закаханая, але быць разам у іх ніяк не атрымлівалася. Пара некалькі разоў то сыходзілася, то разыходзілася, аднак ніхто з іх нібыта не рабіў ніякіх высноваў, асабліва не аналізаваў, што менавіта прывяло да чарговай няўдачы і як гэта выправіць наступным разам.

«Кэры ідзе да містара Біга, які кіне яе 82-і раз», — так каментавалі ў Х фатаграфію Сары Джэсікі Паркер, якая грала Кэры ў серыяле, на дарожцы цырымоніі Met Gala ў 2024 годзе. Сёння відавочна, што «Сэкс у вялікім горадзе», па сутнасці, рамантызаваў таксічныя і сузалежныя адносіны — а бо яны здаваліся «ідэалам» мноству дзяўчат і жанчын.

Карыстальніца Х WindDustStars патлумачыла такую папулярнасць пары Кэры і містара Біга тым, што многія жанчыны аказваліся ў падобных адносінах, нават не заўважаючы таго, як робяцца ахвярамі маніпуляцый.

— Шмат у каго з нас ёсць містар Біг у нашай уласнай гісторыі — і, на наш вялікі жаль, мы дзейнічалі дакладна гэтак жа, як Кэры. То-бок як вар’яткі. Але пра гэта пазней. Калі вы забылі, вось кароткая інфармацыя пра містара Біга: ён мужны, паспяховы і ўражвае. Ён напорысты, але няўлоўны, гулліва ўхіляецца ад сур’ёзных пытанняў, здаецца зачараваным вамі, але ніколі не зачэпліваецца да канца, мяркуе блізкасць у будучыні, але ніколі не ўвасабляе намеры ў жыццё, кажа вам, што кахае, але насамрэч не паказвае гэтага, жарсны, а потым сыходзіць, халодны, дзеліцца глыбока асабістымі рэчамі, а потым замыкаецца, — апісвае WindDustStars. — А потым ён намякае на сваю нявырашаную траўму, так што вы апраўдваеце ўсе [яго ўчынкі] прабачэннем, спачуваннем і мацярынскай пяшчотай. Цяпер вы гатовыя да другога раўнда… упс, ці гэта ўжо 64-ы. Хіба вы не кляліся сабе, што скончылі з гэтым… тыпу, вельмі даўно?

Аднак застаецца незразумелым, чаму сцэнарысты не паказалі жанчынам прыклад таго, як даць рады такой сітуацыі і выйсці з яе. Бо як заставацца, многія і без серыяла ведалі з досведу.

Кадр из сериала "Секс в большом городе"
Кадр з серыяла «Сэкс у вялікім горадзе»

Што да сэксу, то рэвалюцыйнасць серыяла зводзіцца проста да яго наяўнасці, піша «Сноб».

У астатнім шоу цалкам кансерватыўнае — дакладней, погляды яго гераінь.

Вычарпальныя прыклады гэтаму «Сноб» таксама прыводзіць: «У адным з эпізодаў Кэры публічна высмейвае свайго каханка, які папрасіў яе пасікаць на яго, у іншым яна ж сароміць Саманту за незачыненыя дзверы, заспеўшы яе за аральным сэксам, нарэшце, усе тры — Шарлота, Кэры і Міранда — пастаянна іранізуюць (а часам і вельмі злосна асуджаюць) над разняволенасцю Саманты, якая сапраўды не саромеецца эксперыментаў: мяняе каханкаў, уступае ў сэксуальныя адносіны з жанчынай, займаецца сэксам з братам Шарлоты (натуральна, выклікаючы гэтым беспрычыннае абурэнне апошняй), ды і наогул паводзіць сябе цалкам свабодна і, як лічаць іншыя гераіні, „па-мужчынску“».

Зрэшты, у адрозненне ад расійскіх серыялаў, сякія-такія пазітыўныя моманты ў «Сэксе ў вялікім горадзе» ўсё ж былі. Напрыклад, у шоу гучна падымаліся тэмы менструацыі, менапаўзы, неабходнасці ці непатрэбнасці выдалення валасоў, абортаў. Бо ўсяго чвэрць стагоддзя таму многія такія моманты заставаліся табу для размоваў нават шэптам і паміж сяброўкамі. Сёння ж здаецца проста немагчымым, каб гэтыя тэмы ўспрымаліся як нешта шакавальнае. Хоць ёсць і тыя, хто з гэтым не да канца згаджаецца.

— Дзіўна, што цяпер [гэты серыял] гучыць гэтак жа смела, як у 1990-я, — пісала рэдактарка сэрвісу «Кинопоиск» Кіра Голубева. — Культура і грамадства, у якіх мы жывём, дагэтуль адчуваюць дыскамфорт ад думкі пра бяздзетную ці — яшчэ горш — незамужнюю жанчыну. Яе поспех па-ранейшаму вымяраецца сямейным становішчам, а не здольнасцю заняць кіраўнічую пасаду ці купіць кватэру. Усё, за што жанчыны змагаюцца сёння, Кэры, Саманта, Шарлота і Міранда спрабавалі нармалізаваць яшчэ 20 гадоў таму. Нашае права на свабодны сэкс, неўрозы, на прыняцце свайго цела і ўзросту, на адмову ад сям'і на карысць працы або адмову ад кар’еры на карысць мацярынства — гэта рэчы, якія не мусяць асуджацца.

Калі нешта перастала быць прымальным — пра гэта важна гаварыць. «Люстэрка» не баіцца назваць састарэлае састарэлым, нават калі гэта серыялы, якія мы любілі ў мінулым. У адрозненне ад прапаганды, мы не чапляемся за «традыцыйныя» перакананні, якія часта аказваюцца таксічнымі і нездаровымі стэрэатыпамі.

Падтрымайце рэдакцыю, каб мы працягвалі называць рэчы сваімі імёнамі

Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца прафесійным і незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.



Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.