Пасля нядаўняга ўрагану ў Гомелі ўдалося зрабіць гістарычнае адкрыццё. На тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля вецер выкарчаваў дрэва — і аказалася, што яно расло на месцы старадаўняга фантана, паведамілі ў тэлеграм-канале гомельскія ўлады.
Паводле намесніка дырэктара музея па навуковай рабоце палацава-паркавага ансамбля Дзмітрыя Ліндзянкова, былі знойдзеныя сляды абмуроўкі, што мае форму васьмівугольніка.
Прагледзеўшы ілюстрацыі і планы палаца, удалося ўвысветліць, што ў тым самым месцы ў другой палове XIX стагоддзя размяшчаўся фантан. Дакументы і фота 30-х гадоў ХХ стагоддзя пацвердзілі, што такіх фантанаў было два, але ў пасляваенны час яны не захаваліся. Цяпер знаходка старанна вывучаецца, пасля чаго будзе прынятае рашэнне пра яе далейшы лёс — рэстаўрацыя ці добраўпарадкаванне.