Беларусаў, якія працуюць на падатку на прафесійны даход, не будуць уключаць у базу «дармаедаў». Яны будуць лічыцца занятымі ў эканоміцы. Але ёсць важная ўмова — трэба быць не толькі зарэгістраваным платнікам гэтага збору, але і выплачваць яго, то-бок весці дзейнасць. Змены прадугледжаныя пастановай урада.
Нагадаем, у Беларусі з 2023 года ўвялі новы падатак — збор на прафесійны даход. Гэта прадугледжана зменамі ў Падатковы кодэкс.
Для тых, хто працуе з фізічнымі асобамі, падатак складае 10%. Такая ж стаўка для тых, хто працуе з юрасобамі, але да пэўнага памеру выручкі (60 тысяч рублёў), а пасля гэтага парогу падатковы збор будзе ў два разы вышэйшы — 20%. Павышаны падатак пачынае дзейнічаць з сумы перавышэння, то-бок з таго, што больш за 60 тысяч рублёў.
Тым часам па ўсёй краіне «дармаедскія» камісіі збіраюць інфармацыю пра занятасць насельніцтва, каб абнавіць базу «ўтрыманцаў». Пацвердзіць занятасць прапануюць у тым ліку тым, хто выехаў за мяжу больш чым на 30 дзён, а таксама тым, хто страціў працу. Падаць дакументы трэба да 21 красавіка. Пра гэта папярэджваюць, да прыкладу, магілёўскія і маларыцкія чыноўнікі (прыводзім іх для прыкладу, такія звесткі збіраюць па ўсёй краіне). Людзі, што трапілі ў базу, будуць па поўных тарыфах аплачваць некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі. Нагадаем, таксама з гэтага года ў Беларусі фактычна ўвялі новы падатак на «дармаедства».
Чытайце таксама