У Беларусі зафіксавалі чарговы рэкорд па колькасці вакансій. На 10 верасня ў цэлым па краіне патрабуецца амаль 133,2 тыс. работнікаў. Столькі прапановаў наймальнікі размясцілі ў агульнарэспубліканскім банку вакансій.
Для параўнання: на 17 ліпеня ў цэлым па краіне патрабавалася амаль 130 тысяч супрацоўнікаў. Гэта быў антырэкорд як мінімум з пачатку 2010 года.
Цяпер больш за ўсё работнікаў трэба ў Мінску — амаль 34,4 тыс. У Брэсцкай вобласці — 16,2 тыс., у Віцебскай — амаль 15,1 тыс., у Мінскай — 19,7 тыс.
Больш чым палова вакансій — 72,5 тыс. — на заробак да 850 рублёў. Пры гэтым наймальнікі, як правіла, называюць у аб’яве суму да выплаты падаткаў, то-бок на рукі выйдзе менш. Заробак ад 1500 рублёў абяцаюць па 29,9 тыс. вакансій.
Раней эксперты праекта «Нашы грошы» звярталі ўвагу на праблему недахопу працоўных рук у нашай краіне.
«Беларусь па-ранейшаму мае высокі чалавечы капітал. Пра гэта кажуць не толькі міжнародныя рэйтынгі, але і канкурэнтаздольнасць беларускіх спецыялістаў, — адзначаюць аналітыкі. — Нашыя навукоўцы, бізнесоўцы, дзеячы культуры, мастацтва і айцішнікі — толькі таму пацверджанне. Цяпер гэты капітал актыўна пакідае краіну або часцяком не можа знайсці сабе свабоднага прымянення на радзіме. У выніку вялікі патэнцыял аказваецца малапрадуктыўным у Беларусі і таму ўсё часцей становіцца драйверам росту для замежных краін».