У Беларусі прапрацоўваецца пытанне пра ўкараненне сістэмы дзяржаўнага кантролю за знаходжаннем дзяцей у інтэрнэце. Пра гэта на прэс-канферэнцыі расказаў намеснік генпракурора Аляксей Стук.
Паводле намесніка генпракурора, злачынцы для завязвання кантакту з дзецьмі часцей пачалі выкарыстоўваць сеціва, распаўсюд дзіцячай парнаграфіі ажыццяўляецца таксама ў ініэрнэт-прасторы.
«У сувязі з гэтым, беручы пад увагу аслаблены бацькоўскі кантроль, на прапанову Генеральнай пракуратуры прапрацоўваецца пытанне пра ўкараненне сістэмы дзяржаўнага кантролю за знаходжаннем дзяцей у сетцы Інтэрнэт», — сказаў ён.
Стук адзначыў, што гэта можа быць як абмежаванне часу знаходжання дзяцей у інтэрнэце, так і «выкарыстанне магчымасцяў штучнага інтэлекту для абмежавання доступу да розных рэсурсаў».
Раней паведамлялася, што за апошнія 7 гадоў колькасць злачынстваў супраць палавой свабоды або палавой недатыкальнасці, ахвярамі якіх сталі няпоўнагадовыя, узрасла больш чым у тры разы, а Міністэрства ўнутраных справаў прапанавала ўвесці адказнасць за прагляд парнаграфіі з удзелам няпоўнагадовых.