Мы ўзялі інтэрв'ю ў Пашы Крычко за некалькі тыдняў да таго, як стала вядома: пераможца еўрапейскага фотаконкурсу «Сямейныя сувязі» — менавіта ён. Таму сам конкурс амаль не абмяркоўваўся: мы гаварылі пра ператварэнне інжынера ў дакументаліста праз здыманне вяселляў і валанцёрства, месца фатографа ў ваенна-палітычным крызісе ва Усходняй Еўропе і законы, якім падпарадкоўваюцца жыцці беларусаў пасля 2020-га — такія, як у герояў яго работ і яго самога. На аснове адказаў Пашы мы склалі яго маналог. Гэта партнёрскі матэрыял, які мы зрабілі разам з EU NEIGHBOURS east.
«Сямейныя сувязі» — фотаконкурс, арганізаваны EU NEIGHBOURS east сумесна з Fotofestiwal, які фінансуецца ЕС. Заяўкі на яго сёлета падало больш за 400 прафесійных фатографаў з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны: у фінал увайшлі па тры прэтэндэнты ад кожнай краіны, 31 сакавіка для кожнай абвясцілі свайго пераможцу. На конкурс прымаліся работы, якія раскрываюць тэму сямейных сувязяў (падзелу блізкіх людзей праз пандэмію, вайну і іншыя глабальныя праблемы) у мастацкім, сацыяльным і, перш за ўсё, асабістым аспекце.
З будаўніка ў вясельныя фатографы
— Наогул я будаўнік (усміхаецца). Інжынер па адукацыі, скончыў магістратуру і працаваў па спецыяльнасці. А фатаграфія была маім студэнцкім хобі — я здымаў для сябе на лічбавую камеру і сярэднефарматную плёнкавую.
Новай працай яна стала амаль выпадкова: я воляю лёсаў дапамог зняць некалькі вяселляў і… Для мяне гэты досвед аказаўся нават не пра грошы, а пра параўнанне з офіснай працай седзячы. Вырашыў, што хачу паспрабаваць усё памяняць і рызыкнуў: сышоў з будаўнічай прафесіі ў нікуды. То-бок здымаць вяселлі.

Гэта быў канец 2013 года, а ўжо ў 2014-м я нейкім чынам стаў найлепшым вясельным фатографам Беларусі (на аднайменным конкурсе ад супольнасці відэографаў; сацсеткі арганізацыі не абнаўляюцца са снежня 2019-га. — Заўв. рэд.). То-бок яшчэ нават толкам не працуючы. Так і павялося ў наступныя гады: у асноўным здымаў вяселли, часам нават зноў перасякаўся з будаўніцтвам па фрылансе.
А потым… Потым як ва ўсіх: здарыўся 2020-ы.
З вясельнага фатографа ў валанцёры
— Я не займаўся дакументальнай фатаграфіяй да 2020-га і не магу сказаць, што яна стала маёй працай у той год. Гэта было звычайнае жаданне дапамагаць агульнай справе, фіксаваць тое, што адбываецца ў Беларусі са старту выбарчай кампаніі. Таму я запісаўся валанцёрам у штаб Віктара Бабарыкі і здымаў усё, што адбывалася з ім падчас паездак і сустрэч.
Пасля арышту Віктара Дзмітрыевіча здымаў аб’яднаны штаб [трох кандыдатаў: Віктара Бабарыкі, Святланы Ціханоўскай і Валерыя Цапкалы]. У гэты перыяд удалося зрабіць фатаграфію, якая стала вельмі вядомай. Пры гэтым нельга сказаць, што яна была важнейшай, чым любыя іншыя мае фота таго года. Усе важныя, гэта фіксацыя нашай гісторыі. Проста гэтая разляцелася.
А пасля чарговых арыштаў і выезду з Беларусі часткі прадстаўніц і прадстаўнікоў аб’яднанага штаба — проста працягваў здымаць.
Пратэсты, суды… Звычайна шанцавала і абыходзілася без затрыманняў. Са мной гэта ў выніку здарылася двойчы: 11 кастрычніка 2020 года (у той дзень чарговага нядзельнага «Маршу гонару» сілавікі затрымалі некалькі дзясяткаў журналістаў і фатографаў. — Заўв. рэд.) і 6 ліпеня 2021 года — тады Бабарыку абвяшчалі прысуд. «Сутак» не сядзеў, адкараскаўся арыштам тэхнікі пасля першага затрымання і подпісам у паперцы пра «наступствы экстрэмізму» падчас другога (затрыманых на пратэстах часам прасілі падпісаць дакументы, у якіх яны пацвярджалі, што азнаёмленыя з магчымай адказнасцю за далейшы ўдзел у масавых акцыях. — Заўв. рэд.).
Такое жыццё цягнулася прыкладна год. А ў жніўні 2021 года з’явіўся варыянт з кароткай паездкай у Польшчу: я ўспрыняў гэта як магчымасць выдыхнуць і перазагрузіцца, паглядзець на ўсё збоку, пагутарыць з еўрапейскімі фатографамі. Атрымаў дазвол і спакойна паехаў. Пакуль быў там, здарыўся прысуд Калеснікавай, пачалася чарговая хваля «міграцыйнага крызісу» [ на мяжы Беларусі і ЕС], прыйшлі навіны спачатку пра перастрэлку айцішніка Андрэя Зельцэра з кадэбэшнікамі, а потым пра затрыманне журналіста Генадзя Мажэйкі, які напісаў пра гэта…
У мяне быў білет назад, але я зразумеў, што цяпер не вярнуся. Разважыў так: калі вярнуся — што буду рабіць? Маўчаць, нічога не здымаць, сядзець ціха і проста чакаць, калі ўсё роўна прыйдуць і па мяне? Уласны адказ прыняў спакойна — разумеючы, што рэфлексія ў гэтым моманце можа нашкодзіць: я быў упэўнены, што магу быць карысны і тут.
У 2022 годзе Паша Крычко выйграў грант на мабільнасць праекта Еўрапейскага саюза для краін Усходняга партнёрства EU4Culture. У яго межах ён наведаў найбуйнейшы міжнародны фестываль фотажурналістыкі Visa pour L’image у французскім Перпіньяне, дзе меў магчымасць пазнаёміцца са знакамітымі фатографамі і прадставіць партфоліа рэдактарам найбуйнейшых сусветных медыя, у тым ліку The New York Times і The Globe and Mail.
З валанцёра ў фатографы-дакументалісты
Пасля трапляння ў Польшчу мая праца на першы погляд была прысвечаная дзвюм вялікім тэмам.
Першая — дом, само паняцце і адчуванні, якія людзі, што выехалі з Беларусі, укладаюць у гэтае слова. Я такі ж, таму гэта вельмі цікава і важна асабіста мне. Адразу пасля пераезду ў Польшчу мне давялося жыць на кухоннай кушэтцы ў паляка, які прытуліў мяне, крыху пазней — спаць на надзіманым матрацы ў беларуса, які даўно эміграваў (пасля пратэстаў 2010 года), потым быў адзін з беларускіх шэлтараў… Мне хацелася вывучыць, што адчуваюць іншыя, разумеючы часовасць таго, што ёсць іх домам проста цяпер.
Пасля 2020 года і падзей, якія адбыліся ў Беларусі, многія беларусы сталі як адна вялікая сям’я, хоць некаторыя былі вымушаныя з’ехаць з краіны. Таму я хачу паказаць праз свае фатаграфіі, як людзі звязаныя, як яны пачынаюць новае жыццё, а яшчэ як яны страцілі ранейшыя сувязі.
Гэтая тэма не вельмі шырока прадстаўленая ў навінах, і не так шмат людзей ведае пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Большасць людзей, скажам, ведае больш пра Расію. Таму ў сваіх здымках я хацеў паказаць прыклад, выкарыстоўваючы гісторыі простых людзей, якія адлюстроўваюць усё грамадства і тое, што адбываецца з намі цяпер.
Я думаю, што знаходжуся ў той жа сітуацыі, што і ўсе беларусы, якія пакінулі краіну і не могуць вярнуцца. Таму я і пачаў гэты праект, пачаў здымаць сем'і, якія змагаюцца за межамі краіны.
У другой тэмы ёсць дата пачатку — 24 лютага 2022 года. Вайна шмат што змяшала: я пачаў здымаць беларусаў з Украіны, украінцаў у Польшчы, беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне…
Частка апошніх адправілася ваяваць за Украіну проста з Беларусі. У кожнага там былі ўвогуле ўладкаваныя жыцці, праца — яны кінулі ўсё і паехалі. Хтосьці казаў мне: «Гэта і мая вайна. Я веру, што дапамагу Украіне перамагчы, а ў будучыні буду вызваляць і Беларусь». Даволі часта чуў і такое: «Я там адзін. Сяджу і тупа чакаю, калі па мяне прыйдзе незразумела хто. Ва Украіне, са зброяй у руках, я адчуваю сябе ў большай бяспецы, чым у Беларусі, бо разумею, хто мой вораг і дзе ён проста цяпер». Такое кажуць сотні чалавек! А гэта значыць, што ў Беларусі хапала і па-ранейшаму хапае людзей, здольных нешта рабіць. Некаторыя з іх і імкнуліся быць актыўнымі — проста не ведалі і не ведаюць адно пра аднаго, адчуваючы немагчымасць быць па-сапраўднаму карыснымі і рэалізаваць сябе. Нас здолелі прывучыць, што мы адны. Гэта старая размова пра вывучаную бездапаможнасць.
Разгубленасць і неразуменне, як многае людзі па-ранейшаму могуць зрабіць разам, бывае характэрная і для тых, хто з’ехаў — нават даўно. Яны часта цалкам паглынутыя побытам: уладкавацца на новым месцы, адправіць дзіця ў школу, зрабіць усе дакументы, вучыць мову, знайсці працу… Я часам назіраю, як людзі, якія толькі што пераехалі з Беларусі, падыходзяць і ад чыстага сэрца пытаюць: «Чым дапамагчы? Куды проста цяпер ісці, каб камусьці дапамагаць?» А неўзабаве першачарговыя пытанні мяняюцца: «Дзе жыць? За што жыць?» Ёсць меркаванне, што гэта ўсвядомленая паўза: «Дапамажы спачатку сабе, каб потым эфектыўна дапамагчы іншым». Хочацца верыць, што гэта так.
Каб бачыць, як гэта мяняе людзей, трэба за імі ўвесь час назіраць. Я рэгулярна здымаю адну беларускую сям’ю і бачу, як гэта: «тут» ужо нарадзілася дзіця, «там» памёр хтосьці родны, вярнуцца яны не могуць — крымінальныя справы… Калі здымаеш палітыкаў, бачыш зусім іншыя праблемы і цяжкасці. Але пры гэтым усё звязана: ты быццам разглядаеш вельмі розныя пласты адной і той жа гісторыі.
І з часам назіраць становіцца ўсё складаней: вельмі многія просяць не фатаграфаваць іх твары, ніякім чынам не згадваць. Тлумачэнне ўсё часцей такое: «У нас там родныя і блізкія. Мы баімся, што да іх прыйдуць праз нас».
Ведаеце, што вельмі запомнілася? 7 жніўня 2022 года, акцыя ў Варшаве, прысвечаная другой гадавіне выбараў.
Я тады якраз вярнуўся ў Польшчу з Украіны: здымаў беларускіх добраахвотнікаў і проста для сябе правёў там цэлы тыдзень, бачыў сярэдні настрой людзей, чыю краіну шосты месяц запар штодня бамбяць: «Мы моцныя. Мы ўсё зможам. Мы ўсё зробім. У нас атрымаецца».
Вярнуўся ў Польшчу і атрымаў магчымасць па гарачых слядах параўнаць гэта з настроем беларускіх эмігрантаў — актыўных, якія выйшлі на акцыю. У той момант я адчуў, што беларусы проста стаміліся. І я стаміўся. Кожны ведае, што кідаць справу нельга, што сілы і натхненне трэба шукаць — інакш усё можа быць дарма. Магчыма, у беларусаў цяпер менавіта гэты этап: стомленасць, якую трэба пераадолець.
І зразумеў, што тэма ў мяне ўвесь гэты час адна — гэта беларускі крызіс. Пачынаючы з лета 2020-га і жорсткасці беларускіх сілавікоў, праз вайну і змешванне дыяспар у 2022-м, і проста цяпер, вясной 2023-га.
Чаму я працягваю? Таму што ведаю, як гэта важна для будучыні Беларусі. Каб кожны ў будучыні ведаў і памятаў, праз што прайшлі людзі, якую асабістую цану заплацілі і плацяць. Цяпер галоўны сэнс маёй працы — рабіць усё, каб пра тое, што адбываецца з беларусамі, працягваў ведаць і думаць увесь свет, каб тое, што адбылося, і тое, што адбываецца, не забывалася самімі беларусамі. Гэта карысная гісторыя для любой дэмакратычнай краіны, у якой аднойчы становіцца шмат людзей, якія «па-за палітыкай»: яна нагадвае, да чаго з гадамі можа прывесці такое стаўленне.
Каб некаторыя рэчы, якія адбываюцца ў маіх працах, больш не паўтараліся. А некаторыя — салідарнасць, падтрымка адно аднаго, усведамленне сваёй сілы — паўтарыліся як мага хутчэй. Беларусы не ахвяры, мы застаёмся моцнымі: і нягледзячы ні на што, мы яшчэ не здаліся.
Паглядзець фатаграфіі з праекта Пашы Крычко, а таксама здымкі іншых удзельнікаў конкурсу «Сямейныя сувязі» з Беларусі і іншых краін можна тут.