Суд Савецкага раёна Мінска аштрафаваў вядомую грамадскую актывістку Ніну Багінскую на 50 базавых адзінак (2000 рублёў). Як стала вядома «Белсату», падставай для абвінавачання стаў значак з выявай нацыянальнага сцяга, які быў на яе вопратцы.
Паведамляецца, што маленькі значак на каўнерыку Багінскай міліцыянты кваліфікавалі як «несанкцыянаваны пікет». Суддзя Аляксандр Супічэнка пагадзіўся з імі. У сваёй пастанове ён напісаў, што «значак белага колеру з выявай белага і чырвонага колеру» падлягае знішчэнню, і выпісаў актывістцы штраф.
Нагадаем, Ніну Багінскую сілавікі затрымлівалі ў Дзень Волі. Тады паведамлялася, што на яе склалі пратакол за знойдзены ў кватэры нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, які ляжаў на тумбачцы ў пакоі.