Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Кіроўцы аўтобусаў сцвярджаюць, што на мяжы з Літвой «трасуць жорстка». Ці павялічыўся час праходжання?
  2. Зяленскі выказаўся наконт сітуацыі ў Курскай вобласці
  3. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  4. ISW: Путин может устроить торги и потребовать взамен на 30-дневное прекращение огня различные уступки
  5. У Беларусі даражэе аўтамабільнае паліва. Гэтым разам не на капейку
  6. Политика Трампа может напоминать хаос, но это не так: его тактику еще десять лет назад изучил американский журналист. Вот что он писал
  7. Рынак нерухомасці, відавочна, чакае новая рэальнасць. З чым гэта звязана і які прагноз у экспертаў
  8. Военные аналитики: Украина начала вывод своих войск из Курской области
  9. Гэты аналітык пяць гадоў таму прадказаў, што Турчына прызначаць прэм'ерам. Спыталі, ці стане ён пераемнікам Лукашэнкі
  10. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  11. Калі ў Польшчы жанчына нараджае без мужа, гэта здзіўляе. Гінеколаг з'ехала з Беларусі пасля пратэстаў, а цяпер да яе стаяць чэргі ў Польшчы
  12. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
  13. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  14. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  15. Вырашылі праверыць інфармацыю ад BYPOL і паспрабавалі ўладкавацца ў дзяржарганізацыі з подпісам за Бабарыку. Расказваем, што з гэтага выйшла
  16. Кредиты на автомобили Geely снова подорожали. Под какие проценты сейчас выдают эти займы и сколько придется переплатить банку за 10 лет?
  17. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  18. Троллейбусная сеть Минска — крупнейшая в мире. Почему от этого транспорта отказываются во многих странах, несмотря на экологичность?
  19. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
Читать по-русски


Кажуць, што бацькоў не выбіраюць. Але перастаць мець зносіны з імі ўсё ж можна. Што ж прымушае некаторых пайсці на такі крок і зусім адмовіцца ад размоваў з самымі, здавалася б, блізкімі ў жыцці людзьмі? «Люстэрка» паразмаўляла з беларусам і беларускай, якія гэта зрабілі, і даведалася.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: freepik.com/bearfotos
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com/bearfotos

Усе імёны змененыя.

«Адчула, што мне двойчы здрадзіў блізкі чалавек»

28-гадовая Марына не кантактуе са сваім 50-гадовым бацькам ужо больш за дзесяць гадоў — з таго моманту, як атрымала школьны атэстат і паступіла ва ўніверсітэт. Як кажа беларуска, за гэты перыяд ён некалькі разоў спрабаваў наладзіць з ёй кантакт, але і цяпер яна не збіраецца з ім камунікаваць.

— З бацькам у мяне ніколі не было адносін як з сямейных фільмаў, дзе ў цэнтры сюжэта — бацька, які душы не чуе ў сваім дзіцяці і на якога заўсёды можна спадзявацца. Мой бацька заўсёды быў халодны, ніколі не цікавіўся маімі захапленнямі, маім навучаннем і пачуццямі. Шчыра кажучы, у дзяцінстве я не асабліва звяртала на гэта ўвагу, — прызнаецца Марына. — Мне здавалася, што калі ў мяне ёсць і мама, і бацька — гэта ўжо вялікая раскоша, у той час як некаторыя мае знаёмыя раслі альбо з мамамі, альбо з бабулямі і дзядулямі. Усведамленне пачало прыходзіць у падлеткавым узросце, калі бацька пры мне стаў падымаць руку на маму. У тыя моманты мне было страшна, балюча і крыўдна за тое, што я дачка такога чалавека. Памятаю, як у 14 гадоў падчас чарговага скандалу я крычала на ўсю кватэру і прасіла, каб яны развяліся.

Праз год бацькі Марыны і праўда рассталіся: яе маці падала на развод і на аліменты. У той перыяд дзяўчына актыўна рыхтавалася да школьнага выпускнога і да паступлення ва ўніверсітэт.

— У 11-м класе я патэлефанавала бацьку і запрасіла на свой выпускны. Я ведала, што мае аднакласніцы будуць з абаімі бацькамі, таму мне таксама так хацелася. Бацька сказаў, што прыйдзе, і нават паабяцаў, што з заробку купіць мне сукенку і туфлі. Я чакала, але ні таго, ні таго не здарылася. На мой выпускны ён таксама не прыйшоў, — расказвае Марына.

Калі дзяўчына здала ЦТ і стала зразумела, што яна праходзіць у жаданую ВНУ толькі на платнае, маці яе падтрымала. А вось бацька, кажа Марына, патэлефанаваў ёй і заявіў, што плаціць за навучанне дачкі не будзе.

— Тады я адчула, што мне двойчы здрадзіў блізкі чалавек. Я перастала адказваць на яго званкі, не згаджалася на сустрэчы, якія ён спрабаваў зладзіць праз маму, і нават перастала наведваць дзядулю з бабуляй — яго бацькоў, бо ведала, што там мы можам з ім перасекчыся. Проста ў адзін момант ён стаў мне невыносна агідны, — кажа суразмоўніца.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: Reuters
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Reuters

У выніку Марына паступіла ва ўніверсітэт, пра які марыла: яго аплачвала толькі мама. За ўсе чатыры гады навучання бацька ніяк ім не дапамагаў. Некалькі разоў спрабаваў звязацца з Марынай, але тая яго ігнаравала.

— Праз паўгода пасля паступлення ва ўніверсітэт я сустрэла свайго мужа, а праз паўтара года мы ўзялі шлюб. Вяселле ў нас было камернае — усяго 15 чалавек. Былі толькі нашыя мамы, пара блізкіх сваякоў і сяброў. Пра маё вяселле бацька даведаўся не ад мяне. Нягледзячы на ўвесь боль, што ён прынёс маёй маме, яна прапанавала мне запрасіць яго на вяселле з яго новай жонкай, але гэтая ідэя мне не спадабалася, — кажа Марына. — Ніхто са сваякоў не разумеў, як я магу так рабіць, але і ніхто з іх не пражываў таго болю здрады, які адчувала я.

Праз пару гадоў пасля вяселля Марына нарадзіла дачку: гэта здарылася раней за тэрмін, і дзіця было ў цяжкім стане, таму малую паклалі ў рэанімацыю на некалькі тыдняў. Гэты перыяд нашая суразмоўніца пражывала асабліва няпроста, яшчэ і таму, што ёй было цяжка бачыць, як да іншых парадзіх прыходзяць не толькі іх маці, але і бацькі.

— Пасляродавы стан накрыў мяне з галавой. Тыя два тыдні, пакуль дачка была ў рэанімацыі, я ляжала ў гінекалогіі — у мяне былі пэўныя ўскладненні пасля родаў — і аналізавала сваё жыццё, шукала адказы на пытанні. Думаю, тады я падсвядома чакала, што мне патэлефануе бацька і скажа, што ўсё будзе добра, — разважае Марына. — Здаецца, я не памерла ад гора толькі дзякуючы свайму мужу — адзінаму мужчыну ў сваім жыцці, на якога я магу спадзявацца і цяпер. Ён прыходзіў да мяне кожны дзень пасля працы, бо для яго нічога важнейшага, чым я і дачка, не было. У сям'і маіх бацькоў мне было складана такое ўявіць.

Цяпер дачцэ Марыны ўжо шэсць гадоў, і пра тое, хто такі дзядуля, яна ведае толькі з дзіцячых кніжак. Бацька мужа памёр, калі таму было ўсяго пяць гадоў. А са сваім бацькам Марына па-ранейшаму не плануе камунікаваць.

— За гэтыя ўжо амаль 11 гадоў ён спрабаваў звязацца са мной роўна тры разы: два разы тэлефанаваў, але я не адказала, а на трэці напісаў: «Прывітанне, як ты і як мая ўнучка?» — на што я адказала: «Усё ОК». Праз пару дзён ён зноў напісаў: «Чаму ты не хочаш са мной размаўляць? Што я табе зрабіў такога? Я гатовы ў цябе папрасіць прабачэння». Але на маё паведамленне пра тое, што ў першую чаргу прасіць прабачэння трэба ў мамы, ён напісаў, што рабіць гэтага не будзе, — кажа суразмоўніца. — Я не стала адказваць. Мне было цалкам зразумела, што за столькі гадоў чалавек не толькі не прызнаў сваіх памылак, але і наогул не зразумеў, у чым вінаваты. У выніку я заблакавала яго ва ўсіх сацыяльных сетках, а потым наогул змяніла нумар.

«Зразумеў, што калі буду камунікаваць далей, то проста звар’яцею»

Арцёму 39 гадоў. Са сваёй 70-гадовай маці ён не кантактуе ўжо год. І, кажа, абсалютна пра гэта не шкадуе. Каля трох гадоў таму Арцём пачаў псіхатэрапію, у працэсе якой прыйшоў да высновы, што зносіны з маці варта спыніць.

— З яе боку заўсёды была эмацыйная халоднасць, я ніколі не атрымліваў падтрымкі. Прасцей за ўсё растлумачыць гэта на смерці бацькі. Мне было дзесяць гадоў. [Я разумеў, што нешта адбываецца], але ніхто нічога не тлумачыў. Мяне проста прывялі дадому, дзе на зэдліках стаяла труна з мёртвым чалавекам, які ляжаў у ёй, — успамінае Арцём. — Паставілі перад ім і сказалі: «Цяпер будзе так. Жыві з гэтым як хочаш». Пасля пахавання са мной таксама ніхто не гаварыў — ні пра тое, чаму так адбылося, ні пра тое, як мы цяпер будзем жыць, ні пра тое, што мне з усім гэтым рабіць. Я замкнуўся ў сабе.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: freepik.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: freepik.com

Смерць бацькі Арцёма не змяніла іх адносін з маці: яна не пачала надаваць сыну больш увагі. Паводле мужчыны, маці пастаянна папракала яго, абясцэньвала пачуцці і захапленні, а таксама ўвесь час навязвала свой пункт гледжання.

— Цяпер я разумею: тое, як яна мяне выхоўвала, нельга назваць выхаваннем: усё зводзілася да таго, каб накарміць і апрануць. Мне не прышчапілі ніякіх жыццёвых навыкаў, не патлумачылі базавых рэчаў. Калі ў школе я пачаў «вар'яцець» — біўся, біў шкло, ламаў дзверы — яна не задавалася пытаннямі пра тое, што са мной адбываецца і чаму я так сябе паводжу. Яе выклікалі ў школу, яна выслухоўвала ўсё, а потым вярталася дадому і проста збівала мяне, — расказвае Арцём. — Так працягвалася, пакуль у адзін цудоўны дзень я не адабраў у яе рэмень і не сказаў, што больш такога не будзе.

Аднак выбаўленне ад фізічных пакаранняў не палегчыла жыццё Арцёма падчас навучання ў школе. Паводле яго ўспамінаў, маці працягвала на яго ціснуць, але ўжо эмацыйна.

— Яна не прымала мяне як індывіда. Заўсёды спрабавала зрабіць з мяне копію сябе. Я заўсёды мусіў жыць паволе яе парадыгмы: рабіць тое, што яна хоча, і так, як яна лічыць правільным. То-бок яна фактычна адмаўляла маю ўнікальнасць, — лічыць суразмоўца. — Са старэйшага брата мама акурат зрабіла роўна тое, што хацела. Ён заўсёды слухаўся яе, рабіў што яна хацела і як яна хацела. У яго цяпер жонка дакладна такая ж, як нашая маці. Яны абедзве трымаюць яго пад поўным кантролем, і ўсіх усё задавальняе.

Звярнуцца да псіхатэрапеўта Арцём вырашыў пасля таго, як у тэрапію пайшла яго жонка. Убачыўшы, што яна задаволеная вынікам, мужчына вырашыў таксама разабрацца са злосцю і раздражненнем, якія накрывалі яго кожны раз пасля размоваў з маці і якія ён выплюхваў на ўсіх вакол.

— Мы спынілі зносіны мінулым летам. Не тое каб я аж збіраўся гэта зрабіць, проста ў нейкі момант на фоне гэтага мяне пачалі пераследаваць панічныя атакі, і я зразумеў, што калі буду камунікаваць з ёю далей, то проста звар’яцею, — прызнаецца Арцём. — Я напісаў ёй вялікае паведамленне і ўсюды заблакаваў. Мая жонка была супраць таго, каб я зусім ігнараваў маці, таму падтрымлівала з ёй кантакт замест мяне. А потым у нейкае са святаў пайшла ў госці да маці, каб павіншаваць і ўручыць падарункі, а замест гэтага выслухала, як тая палівае мяне брудам. Прыйшоўшы дадому, жонка сказала: «Ведаеш, я цябе цалкам разумею, і я таксама больш не хачу з ёй размаўляць». Я заўсёды быў супраць таго, каб жонка да яе хадзіла, таму, вядома, падтрымаў. Цяпер, без зносін з мамай, я адчуваю сябе нашмат лепш.

Арцём кажа, што за ўвесь гэты час маці і сама ніяк не спрабавала з ім звязацца і аднавіць зносіны. Падтрымліваць кантакт спрабуе толькі старэйшы брат, але, са словаў суразмоўцы, у іх нічога не складваецца.

— Раз на месяц ён можа напісаць: «Прывітанне, як маешся?» Я адказваю яму: «ОК», — і ён зноў знікае, — апісвае мужчына. — Нейкі час ён [спрабаваў паўплываць на мяне], казаў, маўляў, мы ж сям’я. Але я сказаў яму, што нашыя адносіны з мамай — не яго справа.

З іншымі сваімі сваякамі Арцём таксама не падтрымлівае ніякіх кантактаў. Кажа, што з імі перастаў размаўляць яшчэ раней, чым з мамай.

— Калі я ажаніўся другі раз, мы з цяперашняй жонкай не захацелі рабіць вялікае вяселле і нікога не паклікалі на нашае свята. Як выявілася пазней, гэтым я пакрыўдзіў іх усіх. Тады я вырашыў, што калі яны не хочуць проста за мяне парадавацца, а хочуць з мяне нешта займець, то такія сваякі мне не патрэбныя, — упэўнены Арцём. — Не магу сказаць, што мы і да гэтага неяк блізка адно з адным стасаваліся — сям’я ў нас вялікая, братоў і сясцёр стрыечных у мяне каля 20, — але цяпер наогул ніхто ні па кім не пакутуе, ніхто нікому не піша і не тэлефануе. Гісторыя пра вялікую і дружную сям’ю аказалася поўнай лухтой — прынамсі, для мяне.

Сямейныя адносіны могуць быць далёкія ад ідэальных. «Люстэрка» хоча зняць табу з гэтай тэмы і расказвае ў тым ліку пра няпростыя дзіцячыя і бацькоўскія гісторыі. Мы верым, што такія матэрыялы здольныя падтрымаць тых, хто рос у нездаровай атмасферы, паказаць, што вы не самотныя, і дадаць сіл для пераменаў.

Дапамажыце рэдакцыі працаваць далей

Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.



Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.