Беларуса, якому міграцыйная служба Швецыі адмовіла ў прытулку, затрымалі па палітычных матывах пасля яго вяртання на радзіму. Пра гэта са спасылкай на сваякоў мужчыны паведамляе Sveriges Radio, піша «Радыё Свабода».
Адзначаецца, што мужчына прыбыў у Швецыю з маці два гады таму. Прытулку яны папрасілі, бо «абое ўдзельнічалі ў маштабных акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года».
Паводле інфармацыі выдання, у заявах на атрыманне міграцыйнага статусу гаворыцца, што ў Беларусі супраць маці і сына была распачатая крымінальная справа і «яны баяцца, што іх пасадзяць у турму».
Аднак іх просьбы былі адхіленыя.
Гэта адбылося яшчэ ў 2023 годзе, а на мінулым тыдні, як сцвярджаецца, мужчыну і яго маці дэпартавалі са Швецыі ў Беларусь.
У публікацыі гаворыцца, што беларуса «арыштавалі проста на мяжы». Пра лёс жанчыны не паведамляецца.
Шведскае міграцыйнае агенцтва «раней крытыкавалі за выкарыстанне састарэлай інфармацыі пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі», адзначаецца ў публікацыі. Пры гэтым у лютым гэтага года былі апублікаваныя новыя звесткі, якія «ясна паказваюць, як узмацніліся рэпрэсіі [у Беларусі] і як людзей усё яшчэ караюць за ўдзел у пратэстах чатырохгадовай даўніны».