Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю правёў аперацыю з сілавой падтрымкай спецназа, створанага два гады таму, паведаміла прэс-служба Унутраных войскаў МУС 4 снежня. Сілавікі ўварваліся ў некалькі дамоў са зброяй, каб у выніку «адпрацаваць» двух чалавек.
Сілавікі затрымалі беларусаў, якія фінансавалі «Узброеныя сілы Украіны і экстрэмісцкія арганізацыі». У тэлеграм-канале Унутраных войскаў паведамленне суправаджалася відэа. Паказана, як у цёмны час сутак:
- адзін супрацоўнік дапамагае іншаму пералезці праз плот;
- сілавікі ламаюць дзверы кватэры;
- заходзяць у жыллё, выкарыстоўваючы страбаскопы;
- свецяць на паўголага чалавека ў цёмным пакоі;
- разразаюць плот з металапрофілю каля прыватнага дома, каб зайсці ў двор са шчытом.
Да гэтых акцый прыцягваўся атрад спецыяльнага прызначэння «Рысь», створаны ў 2022 годзе пад кіраўніцтвам камандуючага Унутранымі войскамі Мікалая Карпянкова.
«Падчас „адпрацоўкі“ ў двух жыхароў Магілёва знойдзеныя і забраныя мабільныя тэлефоны і камп’ютарная тэхніка, з [дапамогай] якіх ажыццяўлялася злачынная дзейнасць, а таксама 62 970 даляраў ЗША і 4300 беларускіх рублёў», — паведамілі ва Унутраных войсках.
Нагадаем, у 2022−2023 гадах ва Унутраных войсках былі створаныя новыя атрады спецназа, уключаючы згаданы «Рысь», — іх прыцягваюць у тым ліку да «палітычных» затрыманняў — напрыклад, у ліпені ў Гродне спецназаўцы затрымалі чалавека, які зняў чаргу ў ДАІ, у сакавіку — таго, які пісаў каментары.