У дзяржаўнай расійскай прэсе часта трапляюцца меркаванні, што войска РФ з вялікімі складанасцямі ваюе ва Украіне выключна таму, што супрацьстаіць не УСУ, а «ўсяму блоку NATO». Насамрэч у такой трактоўцы ёсць вялікая доля хітравання, бо самі салдаты краін NATO ў вайне з Расіяй не ўдзельнічаюць. Аднак роўна пяць гадоў таму, 7 лютага 2018 года, у Сірыі адбыўся прамы бой расіян і тых самых натаўцаў — вайскоўцаў ЗША — з вельмі сумным для РФ вынікам. Расказваем пра бой пад Хашамам — адзінае, наколькі вядома, буйное сутыкненне расійскіх і амерыканскіх атрадаў у найноўшай гісторыі.
Усе супраць ІДІЛ
На пачатак 2018 года грамадзянская вайна ў Сірыі палала ўжо каля сямі гадоў. У ёй з’яўляліся новыя варожыя бакі, у канфлікт уключаліся магутныя ў ваенным плане дзяржавы: кааліцыя краін на чале з ЗША, Расія, Турцыя, Іран. Аднак з 2014 года з’явіўся вораг, супраць якога пачалі аб’ядноўвацца літаральна ўсе, — «Ісламская дзяржава Ірака і Леванта» (ІДІЛ, пасля проста ІД — «Ірак і Левант» у назве страцілі актуальнасць, бо дзейнасць арганізацыі набыла сусветны характар).
Баевікі ІДІЛ ладзілі масавыя пакаранні смерцю, не шкадуючы і жанчын, гвалтоўна забіралі дзяцей у свае атрады, без ваганняў знішчалі гістарычныя каштоўнасці — у тым ліку сусветна вядомы помнік Тэтрапілон і частку знакамітага рымскага амфітэатра ў Пальміры. Арганізацыя паводзілася як хрэстаматыйнае абсалютнае зло, для барацьбы з якім варта было супрацоўнічаць нават праціўнікам, што не давяраюць адзін аднаму.
Зімой 2017 года Турцыя і Расія дамовіліся пра сумесныя ўдары па пазіцыях «Ісламскай дзяржавы», супрацоўніцтву не перашкодзіў нават памылковы ўдар расійскай авіяцыі па турэцкіх вайскоўцах (тры чалавекі загінулі, 11 атрымалі раненні). Удалося заключыць «кепскі мір» і паміж Масквой і Вашынгтонам, аднак супярэчнасці паміж краінамі былі занадта глыбокія: расійскія і амерыканскія салдаты не выступілі супраць «Ісламскай дзяржавы» ў адным шэрагу, а ўлады абмяжоўваліся тэлефоннымі кансультацыямі, каб не дапусціць агню ў саюзніка.
Тым не менш Масква і Вашынгтон у 2017 годзе вялі баявыя дзеянні, не заходзячы на тэрыторыю, кантраляваную адно адным або бакамі грамадзянскай вайны, якіх яны падтрымлівалі. На ўсходзе Сірыі ўмоўнай размежавальнай лініяй стала рака Еўфрат: правы бераг быў за сіламі Башара Асада (Сірыйская арабская армія, або САА, іх падтрымлівае Расія), левы — за фарміраваннямі сірыйскай апазіцыі і курдаў, якія стварылі за гады канфлікту дэ-факта аўтаномнае дзяржаўнае ўтварэнне Ражава (курдаў падтрымліваюць ЗША).

У стане такога крохкага перамір'я сілы Асада, апазіцыі і курдаў патроху сумесна выціскалі ІД з занятых яе атрадамі тэрыторый. У верасні 2017 года асадаўцы і расіяне дэблакавалі адзін з важнейшых гарадоў усходняй Сірыі Дэйр-эз-Зор, які «Ісламская дзяржава» трымала ў аблозе некалькі гадоў. Сілы сірыйскай апазіцыі ў сваю чаргу занялі левабярэжжа Еўфрата, выціснуўшы адтуль баевікоў ІД.
Аднак, разбіўшы асноўнага праціўніка ў рэгіёне, войскі Асада пры падтрымцы расіян хутка пераправіліся праз Еўфрат, стварыўшы плацдарм на сотню квадратных кіламетраў на левым беразе ракі. Зроблена гэта было відавочна невыпадкова: пад Дэйр-эз-Зорам размешчаныя найбуйнейшыя ў Сірыі газавыя радовішчы Хашам і Ат-Табія. Таксама ў раёне ёсць газаперапрацоўчы завод Conoco, які сірыйская апазіцыя адбіла 23 верасня 2017 года. Зрэшты, перайшоўшы Еўфрат і замацаваўшыся на новых пазіцыях, пасылаць войскі для захопу гэтага прадпрыемства расіяне і асадаўцы не сталі. Так ці інакш, з ліквідацыяй у рэгіёне ўсеагульнага жупела пад назвай «Ісламская дзяржава» сітуацыйныя саюзнікі зноў ператварыліся ў ворагаў.
Бой пад Хашамам
У лютым 2018 года ў СМІ пачалі з’яўляцца паведамленні пра авіяўдар, які нанеслі амерыканскія войскі па сілах, што падтрымліваюць Асада, у раёне радовішча Хашам — пры гэтым, як сцвярджалася, загінула да 100 чалавек з боку асадаўцаў. Адзначалася, што сірыйскія войскі перайшлі лінію размежавання і напалі на сілы апазіцыі, што і вымусіла ЗША нанесці ўдар. У Мінабароны Расіі заявілі, што асадаўская САА адправіла атрад да газаперапрацоўчага завода для «ліквідацыі бандгрупы», не ўзгадніўшы дзеянні з УС РФ.
Аднак пазней стала вядома, што сярод вайскоўцаў, якія наступалі на завод, мінімум частка была прадстаўленая расіянамі — наймітамі знакамітай ПВК Вагнера. Пачалі з’яўляцца прозвішчы загінулых пад Хашамам расіян. Дакладная колькасць забітых вар’явалася ад некалькіх чалавек да больш чым сотні.
Пасля бой быў апісаны як расійскім, так і амерыканскім бакамі — і той, і той пацвярджалі, што галоўнай ударнай сілай фарміраванняў, якія наступалі на завод Conoco, былі вагнераўцы.
Вось як (прыкладна) гэта было зыходзячы з наяўнай цяпер інфармацыі.
За некалькі дзён да 7 лютага прадстаўнікі ЗША заўважылі, што на «расійскім» баку лініі размежавання пачалі канцэнтравацца войскі. Амерыканскія вайскоўцы перахоплівалі перамовы па-руску, але расійскія прадстаўнікі адмаўлялі сваё дачыненне да таго, што адбываецца.
Каля 15 гадзін 7 лютага калона войскаў у складзе каля 500 байцоў і 27 адзінак тэхнікі, уключаючы танкі і бронетранспарцёры (але, паводле аднаго з удзельнікаў, без якіх-кольвек сродкаў СПА), рушыла да газаперапрацоўчага завода. Тут знаходзіўся аванпост з невялікай колькасцю амерыканскіх вайскоўцаў, якія належаць да эліты: спецназ Delta і рэйнджары, усяго каля 30 чалавек. Прыкладна за 35 кіламетраў стаялі іншыя амерыканскія сілы — марпехі і «зялёныя берэты» (абагульненая назва частак спецыяльнага прызначэння).
Даведаўшыся пра набліжэнне магчымай пагрозы, яны сфармавалі невялікі атрад хуткага рэагавання, які мог бы прыйсці на дапамогу аванпосту: 16 чалавек на чатырох MRAP (бронемашынах, абароненых ад мін і нападаў з засад) з супрацьтанкавымі комплексамі і цеплавізарамі для начной стральбы. Таксама марпехі праінфармавалі персанал на найбліжэйшай амерыканскай авіябазе Аль-Удэйд у Катары.
Некалькі гадзін расійска-асадаўская калона прасоўвалася ў напрамку амерыканскіх пазіцый, і ў 20.30 першыя тры танкі Т-72 апынуліся на адлегласці прыкладна 1600 метраў ад завода. Яшчэ дзве гадзіны групоўка канцэнтравала сілы ў раёне найбліжэйшых да прадпрыемства будынкаў, каб застацца максімальна незаўважанымі для вайскоўцаў ЗША (гэты план праваліўся), і ў 22.30 атака пачалася. Мяркуючы па расследаванні The New York Times, аванпост накрылі агнём танкаў, артылерыі і мінамётаў, расійскія крыніцы згадваюць таксама падаўленыя агнём са стралковай зброі «сакрэты» (перадавыя пасты праціўніка).
Агонь аказаўся няўдалым — амерыканскія спецназаўцы не былі знішчаныя (і, падобна, не страцілі ніводнага чалавека), больш за тое — аказалі супраціў, абстраляўшы калону, якая наступала. Адначасова вайскоўцы ЗША намагаліся звязацца з расійскімі калегамі, спрабуючы даведацца, хто і навошта атакуе, і ўпэўніць адмяніць атаку — але прадстаўнікі групоўкі РФ у Сірыі просьбаў не пачулі.
І тут прыбыла амерыканская авіяцыя. ЗША адправілі на злашчасную калону самыя розныя самалёты — ударныя F-15E Strike Eagle, знішчальнікі пятага пакалення F-22, бамбардзіроўшчыкі B-52 з карэктавальнымі бомбамі, «ганшыпы» AC-130, якія страляюць з неба з гаўбіц, і ўдарныя верталёты «Апач». Удзельнічалі і баявыя беспілотнікі. Ніжэй на відэа — праца артылерыі «ганшыпа» (але знятая ў іншым месцы).
З зямлі авіяцыю карэктавалі так званыя баявыя кантралёры ВПС — асаблівы спецназ, створаны пасля шматлікіх выпадкаў «дружалюбнага агню» падчас уварвання ў Ірак у 1991 годзе. Па сутнасці, «кантралёры» — злучальнае звяно паміж пяхотай і авіяцыяй, якое аднолькава добра разбіраецца ў працы абодвух родаў войскаў і абсталяванае сучаснай апаратурай, каб выклікаць эфектыўныя авіяўдары нават у непасрэднай блізкасці ад уласных войскаў.
Збіццё з паветра доўжылася тры гадзіны. Да паветраных сіл падключыліся «Хаймарсы» марпехаў. Пасля з’явілася відэа таго, што адбывалася, дзе ясна відаць, як у танк Т-72 трапляе боепрыпас, вельмі падобны да ракеты M31 для HIMARS, які знішчае тэхніку.
Таксама следчым удалося заўважыць на відэа знішчэнне артылерыйскай гарматы вагнераўцаў — гэта аказалася вельмі старая савецкая гаўбіца М-30 1938 года вытворчасці. Каля 23.30 да аванпоста ля завода прыбыла група хуткага рэагавання на MRAP-ах. Паводле іх, да таго часу авіяцыя яшчэ працавала па расійскіх наймітах, і падмацаванне пэўны час чакала ў аддаленні.
У гадзіну ночы 8 лютага самалёты ЗША паляцелі, вычарпаўшы паліва і боепрыпасы, і іх змянілі марпехі і «зялёныя берэты» з кулямётамі і ракетнымі комплексамі Javelin. Частка расійскіх наймітаў пасля авіяналёту выжыла і паспрабавала атакаваць аванпост без падтрымкі тэхнікі, у пешым шыхце.
Для стральбы кулямётчыкам не даводзілася нават высоўвацца з люкаў — дыстанцыйна кіраваныя кулямётныя ўстаноўкі на дахах транспарту з цеплавізарамі дазвалялі не падвяргаць сябе небяспецы. Аднак, паводле інфармацыі The New York Times, у гэтыя хвіліны вайскоўцы ЗША панеслі адзіную страту — адзін марпех быў паранены. Ніжэй — сюжэт тэлеканала Fox News, прысвечаны сутыкненню.
Бой доўжыўся яшчэ гадзіну, і рэшткі вагнераўцаў адступілі. Дакладныя страты расійскіх наймітаў у баі пад Хашамам — дагэтуль дыскусійнае пытанне, называюцца лічбы каля 300 чалавек і больш.
Як такое магло здарыцца?
Хто менавіта аддаў загад атакаваць газаперапрацоўчы завод, невядома дагэтуль. Хутчэй за ўсё, нейкія ўплывовыя сілы ў асяроддзі Башара Асада або людзі, звязаныя з камандаваннем расійскай групоўкі ў Сірыі, вырашылі забраць пад кантроль прывабны высокапрыбытковы актыў. Цалкам лагічным было выкарыстанне для гэтага не рэгулярных войскаў, а «прыватнай арміі», якой на той момант была ПВК Вагнера. На што разлічвалі заказчыкі, адпраўляючы сотні наймітаў у «амерыканскую» зону кантролю, не вельмі зразумела. Аднак вынік аказаўся забойчым.
На поле бою па сутнасці сустрэліся дзве арміі — адна з XX стагоддзя, другая — з XXI. І высветлілася, што ў сучаснай вайне наяўнасць колькаснай перавагі, гармат і брані мала што вырашае. Удзельнік бою з расійскага боку згадваў, што СПА прынамсі ў сірыйскіх саюзнікаў была, аднак сведчанняў выкарыстання яе ў баі не было. Амерыканцы, маючы ўсяго некалькі дзясяткаў асабовага складу (то-бок колькасна саступаючы ў шмат разоў), карыстаючыся добра наладжанай сувяззю, проста выклікалі на праціўніка неабходную авіяцыйную і артылерыйскую падтрымку і расстралялі яго, нібы ў ціры.
Зразумела, у вайне з рэгулярнымі войскамі, якія маюць уласную авіяцыю і СПА, працаваць самалётамі вайскоўцам ЗША было б цяжэй. Аднак вайна ва Украіне, што цягнецца амаль год, паказвае, што паветрана-касмічныя сілы РФ амаль не аказваюць непасрэднай падтрымкі сілам на фронце, абмяжоўваючыся пускамі ракет па цэлях у тыле ўкраінцаў. Недахоп ракет, а таксама дрэнную каардынацыю і сувязь эксперты называюць самымі сур’ёзнымі праблемамі расійскай арміі.
Што ж да тактыкі бою расіян ва Украіне, то яна ўяўляе сабой прыкладна тое самае, што і пад Хашамам — артылерыйскую падрыхтоўку з наступным заняццем пазіцый пяхотай (так ваявалі хіба што ў Першую сусветную, ужо другая стала «вайной матораў»). А ПВК Вагнера, мяркуючы па кадрах відэа з фронту, практыкуе нават чыста пяхотныя наступы, без «брані».
Пры гэтым прарасійскія «ваенкары» зусім не лічаць ПВК Вагнера нейкім неэфектыўным узброеным фарміраваннем — наадварот, мяркуюць, што Яўген Прыгожын здолеў стварыць «найлепшую штурмавую армію ў свеце».
Вядома, УСУ не маюць тых тэхнічных магчымасцяў, якія ёсць у ЗША: Украіна атрымлівае толькі асобныя заходнія ўзбраенні, часта — у невялікіх колькасцях. Таму размовы пра «вайну з усім NATO» з боку РФ трохі заўчасныя. Вынік сапраўдных баёў з сапраўднай арміяй NATO для расійскіх войскаў можа быць вельмі сумным — што і паказаў бой пад Хашамам пяцігадовай даўніны.
Чытайце таксама


