Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Падаткавікі нагадалі пра збор, пра існаванне якога вы маглі нават не здагадвацца. Але пагражае важкі штраф, калі яго не аплаціць
  2. На рынку нерухомасці ў Мінску ўзнік дэфіцыт пэўнага жылля, праз што рэкордна падскочылі цэны. Эксперты растлумачылі, што адбываецца
  3. Ратавальнікі знайшлі чалавека на дне акіяна. Пасля катастрофы ён прабыў там амаль трое сутак — расказваем пра гэтую гісторыю
  4. Лукашэнка заявіў, што «крыху затрымаўся» ва ўладзе, і заклікаў «пацярпець»
  5. «Заяву на памілаванне я не пісаў». Вялікае інтэрв'ю «Люстэрка» з Юрыем Зянковічам, якому далі 11 гадоў за «дзяржаўны пераварот»
  6. Конклав кардиналов в Ватикане выбрал папу римского. Стало известно его имя
  7. «Лукашэнка ўжо не ў найлепшай форме». Спыталі экспертаў, чаму ўлады перанеслі парад у гонар 80-годдзя Перамогі
  8. «За чей счет?» Родители честно ответили на новый запрет для школьников
  9. Эксперты рассказали, почему Россия против соглашения о прекращении огня и присутствия миротворцев в Украине
  10. Из Лондона Мельникова вылетела на Шри-Ланку, где могла угодить в «ловушку спецслужб» и оказаться в Беларуси — польское СМИ
  11. Сложно поверить, но папа Франциск собирался участвовать в крещении детей беларусского бизнесмена — однако умер за день до. Рассказываем
  12. Лукашэнка памілаваў 42 асуджаных па «палітычных» артыкулах
  13. Лукашэнка выказаўся на балючую апошнім часам для беларусаў тэму і прапанаваў яшчэ месяц пацярпець: «Гэта такая хітрая задума»
  14. После 2020-го на заводах по требованию Лукашенко увольняли из-за «политики» — из закрытых документов стало понятно, чем это обернулось
Читать по-русски


Дзве гераіні гэтага тэксту няпроста перажываюць прысутнасць чужых вайскоўцаў і трыкалораў у сваіх гарадах, з цяжкімі пачуццямі, вымушана, прынялі расійскае грамадзянства, але захавалі ўкраінскі пашпарт. Так жыхаркі Мелітопаля і Бярдзянска спрабуюць суіснаваць з парадкамі, якія ўсталявалі акупацыйныя ўлады, і чакаць УСУ, не прыцягваючы ўвагі спецслужбаў. Яшчэ адзін суразмоўца — малады хлопец, які лічыць, што мінулае трэба адпусціць і рухацца далей. Яго мінулае — жыццё ў Марыупалі і бамбёжкі, а сучаснасць — праца ў расійскім Краснадары. «Люстэрка» паразмаўляла з жыхарамі ўкраінскіх гарадоў, якія ўжо больш за год знаходзяцца ў акупацыі РФ, пра чаканне (ці не) прыходу салдат УСУ.

65-летняя Татьяна Бушланова идет рядом с руинами жилого дома, где она жила до войны, в Мариуполе, оккупированная Россией область Украины, 5 февраля 2023 года. Фото: Reuters
65-гадовая Таццяна Бушланава ідзе побач з руінамі жылога дома, дзе яна жыла да вайны, у Марыупалі, акупаваная Расіяй вобласць Украіны, 5 лютага 2023 года. Фота: Reuters

Бярдзянск. «Гэтымі расійскімі пашпартамі нас нібыта чыпавалі і цяпер намі проста будуць прыкрывацца»

Час у Бярдзянску яшчэ ў пачатку вайны нібыта застыў, расказвае 28-гадовая Лілія. Многія з атачэння дзяўчыны даўно выехалі, сама яна засталася і кажа, што знаёмых твараў у горадзе ўсё менш, а вось чужых стала шмат.

— Як я разумею, большасць — перасяленцы з Данецкай, Луганскай абласцей, Марыупаля. І шмат вайскоўцаў у цывільным. Іх ні з кім не зблытаеш: і па канстытуцыі відаць, і позіркі гаваркія. Іх вельмі шмат у цэнтры горада і на касе, там пад іх патрэбы пераабсталявалі базы адпачынку. Людзі на гэтую тэму маўчаць, але ў горадзе ўсё гэтак жа шмат праверак па гаражах, мікрараёнах, нешта, кагосьці шукаюць — нейкіх тэрарыстаў. Яшчэ акупацыйныя ўлады выдалі ўказ на забарону прадаваць алкаголь, аж да 1 жніўня. Кажуць, вайскоўцы шмат п’юць і ствараюць праблемы. Наогул з моманту, як яны зайшлі, сітуацыя асабліва не памянялася. Нічога не адбываецца, гэты дзень сурка ўганяе ў дэпрэсію: здаецца, што гэта ніколі не скончыцца.

Да вайны ў аддзеле Ліліі было 30 чалавек, цяпер засталася менш чым палова. Цяпер прадпрыемства падпарадкоўваецца акупацыйным уладам. Дзяўчына звязвацца з гэтым не хацела, але выйсці на працу давялося. А там «папрасілі» яшчэ і змяніць грамадзянства:

— Працаздольнае насельніцтва і пенсіянеры тут ужо ў асноўным атрымалі расійскія пашпарты, а вось у тых жа вёсках людзі часта яшчэ з украінскімі. Ведаю, што там вайскоўцы і паліцаі пагражаюць, што іх дэпартуюць не ва Украіну ці нейкую нейтральную дзяржаву, а павязуць у нейкія лагеры ў Расіі.

Гонар гонарам, але есці неяк трэба. Нам на працы сказалі: «Не возьмеце — працаваць не будзеце, да вас будуць пытанні». Па тоне стала ясна, што нічога добрага не чакай. Людзі скрыгочучы зубамі пагадзіліся. Шчыра кажучы, я калі атрымлівала расійскае грамадзянства, хацелася скрозь зямлю праваліцца. Я ў прыгнечаным стане хадзіла тыдні два, не магла прыйсці ў сябе. Адчувала сябе здрадніцай. Ведаеце, гэтымі расійскімі пашпартамі нас нібыта чыпавалі і цяпер намі проста будуць прыкрывацца.

Тых, хто адмовіўся, проста ў адзін дзень звольнілі. Хоць ад працы ў нас засталася толькі назва: уся вытворчасць стаіць, асабліва рабіць няма чаго, мы самі сабе шукаем заняткі. І, шчыра кажучы, я не чула, каб нейкае прадпрыемства працавала паўнавартасна — у асноўным распрадаюць запасы і вывозяць будаўнічае смецце, металалом. Дзесьці, ходзяць чуткі, абсталяванне павывозілі.

Летась у прыморскім Бярдзянску курортнага сезону не было, на пляжах адпачывалі ў асноўным мясцовыя, з прыезджых — хіба што жыхары іншых акупаваных гарадоў. Сёлета чакаюць такой самай карціны. Многія, хто зарабляў на арэндзе нерухомасці адпачывальнікам, перайшлі на рынак: гандлююць прадуктамі, адзеннем, касметыкай, кажа Лілія. У самой дзяўчыны ўзровень жыцця змяніўся.

— Каму пашанцавала, скажам, выкруціцца, тыя пайшлі ўладкоўвацца ў школы, у бальніцы. Яшчэ ёсць кавярні, кавяранькі — там у асноўным моладзь. А так многія жывуць на выплаты, але ў асноўным тут як хочаш, так і круціся. Жыццё тут цяпер — выжыванне. Заробкі за Расіяй плацяць нераўнамерна. Нам, напрыклад, да сярэдзіны траўня яшчэ за сакавік не ўсе грошы аддалі. Хоць у нас тут дзесьці 15−16 тысяч расійскіх рублёў (550−585 беларускіх рублёў. — Заўв. рэд.) — гэта максімум, на што можна разлічваць. Гэтага хапае на самае неабходнае: макароны, крупы, мяса, але асабліва не разжывешся. Усё па меры неабходнасці, патрошкі. Раней тую ж чырвоную рыбу можна было купляць, авакада — цяпер гэта могуць сабе дазволіць толькі вельмі-вельмі забяспечаныя людзі. І тыя, хто актыўна супрацоўнічае з новай уладай, — яны вельмі добра жывуць. Яшчэ ведаю, што Украіна працягвае плаціць заробак медыкам і настаўнікам, але ў акупацыю гэтыя грошы не даходзяць, бо не працуюць банкі.

Оккупированный Бердянск в конце апреля 2022 года, Украина. Фото из пророссийских телеграм-каналов
Акупаваны Бярдзянск у канцы красавіка 2022 года, Украіна. Фота з прарасійскіх тэлеграм-каналаў

«Ёсць асобы, якія правакуюць на размову пра палітыку ў натоўпе: „А як вы ставіцеся, а як вы лічыце?“»

З 1 студзеня ў Бярдзянску не ходзіць грыўня, хоць у абменніках падпольна яе яшчэ прадаюць. Праўда, калі на валютчыкаў хтосьці даносіць, іх забіраюць на «размову» ў камендатуру.

— Шчыра кажучы, я дагэтуль да рубля прывыкнуць не магу. Ды і тое, што ў нас каштавала 100 грыўняў (каля 8 беларускіх рублёў. — Заўв. рэд.), цяпер каштуе 500 рублёў (18 беларускіх. — Заўв. рэд.), прычым па якасці яшчэ можа быць і горшае. Гэтыя грошы — як фанцікі, хутка разыходзяцца, — тлумачыць Ірына.

З яе словаў, на цэны і заробкі людзі ўголас у асноўным не абураюцца. Пра палітыку і вайну з малазнаёмымі таксама не гавораць: гэта небяспечна. А тыя, хто чакае вяртання Украіны, у Бярдзянску даўно затаіліся.

— Шмат хто прыстасаваўся, шмат хто проста маўчыць, назірае і запамінае тых, хто актыўна сябе праяўляе або цісне, — тлумачыць Лілія. — Я думаю, потым пачнецца паляванне на ведзьмаў. Але наўрад ці прапагандысты і актывісты будуць чакаць тут Украіны — яны адразу выедуць і застануцца беспакаранымі.

— Сярод маіх знаёмых фанатаў «новай улады» практычна няма, але ў горадзе такіх хапае — нядаўна ў нас калега прыйшла ў футболцы з лагатыпам Z. Таму трэба быць вельмі асцярожным: нядобразычліўцаў шмат, — працягвае суразмоўніца. — Ёсць асобы, якія правакуюць на размову пра палітыку ў натоўпе, у чэргах — і пачынаюцца роспыты: «А як вы ставіцеся, а як вы лічыце?» Я стараюся не адказваць.

Ведаю, што ў горадзе ёсць падполле, але пра гэта чую толькі ў навінах. У нас ёсць рух «Жовта стрічка» (рух супраціву на часова акупаваных тэрыторыях Украіны. — Заўв. рэд.). Часта можна на платах, на галінках дрэваў заўважыць жоўтую стужачку. На сценах будынкаў напісана «Слава Украіне! Слава УСУ» — гэтыя надпісы спрабуюць замазаць, але яны з’яўляюцца. І ты разумееш, што не адна, ёсць іншыя людзі, якія таксама супраць гэтага ўсяго, хто не здаўся.

Лілія ведае ад знаёмых, што вакол горада расіяне пабудавалі ўмацаванні, «закапалі тэхніку ў палях». Але дзяўчына чакае, што УСУ змогуць вызваліць Бярдзянск, хоць разумее, што пасля адыходу Расія можа пачаць абстрэлы і на гэтым жыццё без выбухаў і разбурэнняў скончыцца.

— У мяне пачуццё страху прытупілася, я ўжо абыякавая. Размовы пра контрнаступленне пэўны ўзровень ажыятажу трымаюць, але мы такія навіны чыталі яшчэ пасля вызвалення Херсона ў лістападзе. Потым — у студзені. Нават была рассылка відэа, што рабіць падчас баявых дзеянняў, але нічога не адбывалася. Таму мы чакаем, калі сапраўды нешта пачнецца, а не на словах, — тлумачыць украінка. — Разумеем, што гэта вельмі складаны працэс, за які плаціцца надмерная цана. Таму трэба проста запасціся цярпеннем. Я стараюся засяроджвацца на звычайных справах, не чакаць — проста хадзіць на працу, вылучаць час на нейкія хобі. Буду чакаць наколькі нерваў хопіць. А там будзе відаць.

Кажуць, у тых, хто цяпер атрымлівае расійскія пашпарты, украінскія забіраюць (вядомыя выпадкі, калі ў мясцовых жыхароў бралі пашпарт для праверкі, а пасля разрывалі. — Заўв. рэд.). А я свой, дзякуй богу, схавала: хутка спатрэбіцца! Я нарадзілася ва Украіне, я і ёсць украінка. Грамадзянкай РФ я сябе не бачу.

Марыупаль. «Нават калі мы за Украінай жылі, у горадзе гэтак жа знаходзіліся вайскоўцы»

26-гадовы Раман жыў у Марыупалі да пачатку вайны. У сакавіку 2022-га, калі там ішлі моцныя бамбёжкі, ён выехаў у прыгарад. Улетку, калі Расія ўжо правяла ў горадзе свой парад і адбудавала дамы, якія разбурыла, хлопец з’ехаў у Краснадар:

— Я малады, хацелася б перспектывы. А тады я не бачыў развіцця для сябе, хоць мне прапаноўвалі працу, каб застацца. Для пражывання менавіта маладога чалавека там няма такіх умоваў. І, натуральна, мне захацелася паспрабаваць нешта новае.

Цяпер ён жыве ў Расіі, але кожны месяц на некалькі дзён прыязджае да бацькоў — іх дом недалёка ад Марыупаля, а ў самім горадзе сустракаецца з сябрамі. Кожны раз хлопец бачыць вынікі «аднаўлення» Расіяй разбомбленых і выгаралых мікрараёнаў — на ўскраінах яна будуе новыя жылыя комплексы.

— Калі заязджаюць людзі, якія шмат гадоў у Марыупалі пражылі, ім, вядома, балюча ўсё гэта бачыць. Горад шэры, нават брудны ў параўнанні з тым, як было да вайны, — апісвае Раман. — Шмат рэшткаў згарэлых машын: многае ўжо прыбралі, але не ўсё, на ўскраінах сапёрам яшчэ трэба нешта размініраваць. Улады ўладкавалі аўтобусныя прыпынкі, пафарбавалі. Прыводзяць у нейкі выгляд цэнтр горада, каб людзям было дзе прабавіць час, з дзецьмі прагуляцца. Кладуць новы асфальт — на некаторых вуліцах дарогі ўжо гатовыя.

Сляды вайны цяпер сабой трохі закрывае зеляніна — вясной і летам Марыупаль выглядае не такім панурым, кажа Раман. У ім жывуць і пенсіянеры, якім цяжка выехаць, і маладыя сем'і з дзецьмі. Некаторыя з іх — гэта тыя, хто вярнуўся пасля спынення баявых дзеянняў.

— У горадзе зносяць шмат дамоў, якія не падлягаюць аднаўленню. На левым беразе будуюць новыя. Дзе было поле, у бок Мангуша, забудоўваецца тэрыторыя. Наколькі я ведаю, ужо здалі 12 пяціпавярховых дамоў, у іх дабудоўваецца школа і спартпляцоўкі. Кватэры ў гэтых дамах дзяржава і мэрыя даюць тым, хто страціў сваё жыллё. Але тут ёсць чэргі, — кажа Раман.

— Многія застаюцца жыць у сваіх старых дамах. Калі людзі прынялі рашэнне застацца там і не хочуць сыходзіць, натуральна, іх не пераканаеш, што ёсць больш-менш добрыя ўмовы. Там, вядома, ёсць ацяпленне, святло, вада. Дзесьці нават у пад’ездах зрабілі касметычны рамонт. Людзі імкнуцца неяк уладкавацца, — расказвае наш суразмоўца.

Раман кажа, што ў практычна выпаленым Марыупалі будаўніцтва квітнее: працы шмат. Калі ён бывае ў горадзе, то бачыць шмат машын з нумарамі расійскіх рэгіёнаў — Масква, Пецярбург, той жа Краснадар. Хлопец тлумачыць, што многія рускія і замежнікі прыязджаюць сюды на заробкі. А вось мясцовым уладкавацца складаней — толькі калі ёсць досвед, які зацікавіць падрадчыка:

— Людзі імкнуцца выбраць працу ў гэтай галіне: дзесьці столь робяць пластыкавую, дзесьці на самой будоўлі. Мясцовыя спрабуюць улезці ў будаўніцтва: там заробкі нядрэнныя, як я чуў. Але іх бяруць толькі калі яны добрыя спецыялісты і раней ужо працавалі ў гэтай сферы. А так большасць забудоўшчыкаў прывозіць работнікаў з сабой, акрамя рускіх, напрыклад, азербайджанцы.

Хлопец кажа, што расійскія вайскоўцы засталіся толькі на блакпастах на ўездзе ці выездзе. Выбухаў у Марыупалі людзі таксама ўжо не чуюць — хіба што рэдкія на ўскраінах, дзе яшчэ ідзе размініраванне. Раман упэўнены, што горад «аберагае СПА».

— Калі я еду, у мяне правяраюць дакументы на машыну, пашпарт — і ўсё. На надгляды я не трапляў, — тлумачыць ён. — Патрульныя, можа, перасоўваюцца па горадзе на легкавых машынах. Гэтак жа, як усе, ходзяць на рынак, закупляюцца садавіной, гароднінай, цыгарэты купляюць. Нават калі мы за Украінай жылі, у горадзе гэтак жа знаходзіліся вайскоўцы (гаворка пра вайсковыя часткі, якія дыслакаваліся ў ваколіцах горада да вайны. — Заўв. рэд.). Таму гэта звыклае, скажам. Галоўнае — каб вайскоўцы паводзілі сябе культурна. Ну, і ад жыхароў таксама многае залежыць. Яны не чапаюць нас, мы — іх.

Напэўна, у людзей ужо ўвайшло ў звычку ўсё: вайна год ідзе. Але, думаю, стаўленне ў кожнага сваё. Хоць, напэўна, тыя, хто супраць Расіі, ужо даўно выехалі адсюль. А тыя, хто прыняў, што мы будзем знаходзіцца пад сцягам Расіі, засталіся і рэагуюць нармальна. Хутчэй за ўсё, большасць тут яе падтрымлівае. Зразумела, было цяжкавата трошкі спачатку, але людзі адаптуюцца да ўсяго. Мы ж і да падвалаў адаптаваліся, так і тут… Ведаеце, ёсць прымаўка: добра там, дзе нас няма.

«Калі пачуеце нейкі невялікі выбух — гэта мы здымаем карціну, гэта проста невялікія спецэфекты»

У снежні ў горадзе, які «аднаўляюць», знеслі драмтэатр, што падчас баявых дзеянняў разбамбілі разам з сотнямі мірных жыхароў, якія хаваліся там у сховішчы. Украінскія ўлады лічаць, што так Расія вырашыла пазбавіцца доказаў сваёй датычнасці да гібелі людзей. Раман на гэта глядзіць інакш.

— Калі ён не падлягаў аднаўленню, то што з ім рабіць? За тэатрам фантан працуе — я бачыў, там гуляюць дзеці. Самога будынка няма. Натуральна, яго знеслі, як і многія дамы, школы, і спрабуюць зноў аднавіць, каб людзі маглі нейкія п’есы глядзець… Я думаю, кожны чалавек, які жыў у Марыупалі, разумее, хто пашкодзіў драмтэатр. Хоць нехта не хоча ў гэта верыць. Мне здаецца, палова людзей вінаваціць Расію, іншая — Украіну. Можна, сваёй пазіцыі я не буду раскрываць? — адказвае хлопец на пытанне, як лічыць ён сам. — Таго, што адбылося, ужо не вярнуць. Трэба проста змірыцца і ісці далей.

Тым часам у Марыупалі працягваюць пашырацца могілкі. Гэта відаць з нядаўніх спадарожнікавых здымкаў горада і паведамленняў у мясцовых тэлеграм-каналах. Гэта бачыць і Раман — кажа, могілкі ў бок старога Крыма робяцца ўсё большымі. Але мясцовыя стараюцца менш гаварыць пра гэта і радзей успамінаць месяцы баявых дзеянняў. Хоць цяпер могуць чуць стрэлы — гэта Расія здымае ў Марыупалі фільм пра «вызваленне» і падзеі 2022 года.

— У мяне сябар на левым беразе жыве і бачыў там відэаздымку ці нешта такое. Да яго падышлі вайскоўцы, папярэдзілі: «Калі вы пачуеце там нейкі невялікі выбух, не палохайцеся — гэта мы здымаем карціну, гэта проста невялікія спецэфекты».

— Ведаеце, можа, тым, што кіношнікі прыехалі, спрабуюць данесці да людзей інфармацыю пра Марыупаль, каб больш іншых гарадоў паўдзельнічала ў яго аднаўленні? Але мне здаецца, яшчэ рана, — разважае Раман. — Мала зрабілі аднаўленчых работ. І людзі не паспелі адысці псіхалагічна. Некаторыя дагэтуль шугаюцца — нават мае знаёмыя, хто выехаў у Краснадар, калі чулі салюты, думалі, што гэта прылёты. У многіх на падсвядомасці застаецца страх…

Паводле назіранняў хлопца, жыхары горада падзяліліся на два лагеры: адны спрабуюць думаць пра будучыню, іншыя жывуць адным днём і клопатамі, як пракарміць сям’ю. Ён лічыць, што контрнаступленне УСУ можа разбурыць тое крохкае жыццё, якое ўдалося наладзіць за год:

— Я, калі шчыра, асабліва навіны не хачу глядзець, бо разумею, што ўсюды брахня — крыніцы Расіі, крыніцы Украіны будуць перабольшваць, прыхарошваць. Чуў, што Украіна збіраецца вяртаць Марыупаль і Крым, але не ведаю, ці атрымаецца гэта і ці трэба. Цяпер людзі спрабуюць усё забыць, уладкавацца. Я рады, што застаўся жывы, што жывая мая сям’я, мы спрабуем далей жыць. Мне не тое што там Украіна, Расія… Мне важна, каб горад быў цэлы, каб людзі зноў не перажывалі ўсё гэта.

Раман кажа, што не з’ехаў з Марыупаля ва Украіну, бо перажываў, што могуць прызваць служыць, а там «гарачыя месцы, і невядома, вярнуўся б ці не». Але хлопец ужо памяняў пашпарт і цяпер як грамадзянін Расіі можа трапіць пад мабілізацыю там.

— Мне здаецца, пабаяцца прымаць у войска людзей, якія спачатку былі ўкраінцамі і жылі ў Марыупалі. Незразумела, што ў іх у галаве і на якім баку яны. Таму ў мяне дзесьці і ёсць асцярогі, але ў любым выпадку, калі лёс будзе — што зрабіць… — адказвае ён на пытанне, ці пойдзе ваяваць за Расію, калі прызавуць. — Шчыра? Ісці не хочацца. Калі я за Украіну не хацеў, то і на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі не хочацца. Наогул я не думаў пра гэта. Працягваю жыць, а там па меры паступлення будзем усё вырашаць.

Мелітопаль. «Настаўнік крычыць „Украіна“, а дзеці ў адказ — „краіна-тэрарыст“ ці „краіна-забойца“»

Чужыя вайскоўцы ў Мелітопалі таксама выглядаюць як цывільныя. Іх ад перасяленцаў адрозніваюць па новай яркай вопратцы з рынку, расказвае 59-гадовая мясцовая жыхарка Святлана (імя змененае). А месца пражывання — па развешаных сушыцца аднатыпных чорных майках і форме колеру хакі, а яшчэ высечаных дрэвах вакол будынкаў. Як тлумачыць жанчына, гэта таму, што камандаванне баіцца засадаў у пасадках. Яшчэ камандаванне баіцца п’яных салдат:

— Раней алкаголь ва ўсім горадзе прадавалі толькі да 17 гадзін. Відаць, гэта было арыентаванае на «гасцей», каб яны ўвечары не напіваліся, бо днём яны то на вучэннях, то яшчэ дзесьці. Але, вядома, яны і да 17.00 паспявалі закупіцца. А цяпер увялі сухі закон — моцны алкаголь нават прыбралі з прылаўкаў, ім дазволеныя толькі піва і сідр. Паміж сабой яны часам там гарэзяць, чуваць аўтаматная чарга, але вось з мясцовым насельніцтвам сябе паводзяць абсалютна спакойна. Ніхто нікога не чапае.

Хоць, ведаеце, вось я хаджу вуліцамі, мяне ніхто не прыгнятае, не ўшчамляе — я ж вольная? Тады чаму такое адчуванне несвабоды? Мне вельмі брыдка, душна. Еду на ровары, насустрач мне — КамАЗы ваенныя. І я пачынаю гучна спяваць гімн Украіны. Па-першае, вакол нікога, па-другое, машыны гучна «рыкаюць». Так я ўпершыню ў жыцці ўсвядоміла, што такое гімн — гэта сімвал тваёй краіны, тваёй свабоды. Я думаю, што нашы «калабкі» (мы так называем калабарантаў), можа, таксама адчуваюць сваю свабоду — яны нарэшце ўдыхнулі рускі дух. А я задыхаюся ў ім, мне патрэбная мая краіна. Я цяпер вельмі добра разумею дзяржавы, якія ў 1939-м акупаваў Савецкі Саюз і дзе навязаў свае правілы жыцця. У нас цяпер гэтак жа: мы дзесьці змірыліся, з выгляду схілілі галовы, але не глядзім у вочы рускім і ўнутры захоўваем сваю Украіну.

Паводле Святланы, некаторыя цэхі прыватных прадпрыемстваў у Мелітопалі пераарыентаваліся на рамонт расійскай тэхнікі. У горадзе цяпер шукаюць спецыялістаў, якія ўмеюць працаваць за станком, а вось у выхавальнікі могуць ісці «і дворнікі, і маляры». Заробкі, кажа жанчына, там добрыя, як і ў бюджэтнікаў. Праўда, за камфорт і стабільнасць даводзіцца расплачвацца.

— У сістэме ты альбо атрымліваеш расійскі пашпарт, альбо сыходзіш. Так у нас з камунальнікамі было — ім першым іх выдавалі, — расказвае ўкраінка. — І сістэма не працуе без лаяльнасці да ўлады. У нас у Мелітопалі была сельгасакадэмія і педінстытут. Цяпер іх злучылі і адкрылі вайсковую кафедру. Раніца там пачынаецца з крычалкі: настаўнік крычыць «Украіна», а дзеці ў адказ — «краіна-тэрарыст» ці «краіна-забойца». Як цвікі ў галаву забіваюць. У школах за акупацыяй з’явіўся ўрок «родная мова» — гэта ўкраінская. Цяпер бацькоў прымушаюць падпісваць заявы, што ў наступным навучальным годзе гэты прадмет іх дзецям не патрэбны.

Надпись на одном монументе в Мелитополе, сделанная партизанами во время полномасштабной войны. Фото: t.me/info_zp
Надпіс на адным мануменце ў Мелітопалі, зроблены партызанамі падчас поўнамаштабнай вайны. Фота: t.me/info_zp

Банеры па вуліцах вісяць: «Расія — гэта гонар», «Расія — гэта жыццё, гэта памяць». То-бок калі не Расія, то гэта не жыццё? А што, у нас да гэтага жыцця, памяці не было? На 9 траўня мы тут прайшлі ўсім вядомае «победобесие». Увесь горад — у плакатах герояў, піянераў. Думаю, людзі, народжаныя ў 80-я, іх нават і не ведаюць. Еду і бачу Зою Касмадзям’янскую, Валодзю Дубініна — ой, толькі Паўліка Марозава не бачыла. А яшчэ ўвосень паставілі бюст — звычайна Лермантаву, Пушкіну ставяць, а тут — «Судаплатаву, ён ведаў, што рабіць з бандэраўцамі». Аказалася, гэта чэкіст, разведчык, які адыграў ролю ў знішчэнні аунаўцаў (Павел Судаплатаў — супрацоўнік НКУС, дыверсант, ліквідаваў лідара Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН). — Заўв. рэд.). Цяпер у горадзе ёсць атрад імя Судаплатава з мясцовых добраахвотнікаў. Туды ідуць людзі расчараваныя, злыя людзі з гнілой душой.

Жанчына расказвае, што падтрымку многіх мясцовых акупацыйная адміністрацыя «купляе» штомесячнымі расійскімі выплатамі і вонкава камфортным жыццём. Прадуктаў у горадзе хапае, хоць цэны на іх і на лекі моцна растуць.

— Да вайны былі шалёна маленькія пенсіі, якія не адпавядаюць цэнам, а Расія цяпер заваліла Мелітопаль грашыма, таму людзі ўвогуле задаволеныя. 10−12 тысяч (каля 365−440 беларускіх рублёў. — Заўв. рэд.) атрымліваюць усе пенсіянеры, інваліды, мамы, прычым на кожнае дзіця да 18 гадоў. І людзі, якім не патрэбная свабода, змоўклі, баяцца, што вернуцца ва Украіну і будзе галеча. «Нас і тут нядрэнна кормяць», што называецца. Мне асабіста плаціць Украіна, як многім настаўнікам, хоць тыя, у каго няма банкаўскіх картак, залежаць ад расійскіх выплат.

Яшчэ людзей завабліваюць бясплатным лячэннем. Майму бацьку бясплатна паставілі кардыястымулятар — я не плаціла ні за лекі ў бальніцы, ні за пялёнкі. Мы не прывыклі да такога ва Украіне, бо заўсёды куплялі ўсё самі, і былі прыемна здзіўленыя. Але я сабе сказала: за ўсё заплачана нашымі слязьмі і нашым цярпеннем.

«Я еду і бачу: тут жывуць ворагі, там у іх штаб. Думаю: ды скіньце туды ракету!»

На аперацыю Святлана вазіла бацьку ў Крым, там жыве яе родная сястра з сям’ёй. На анексаваным Расіяй яшчэ ў 2014-м паўвостраве, паводле адчуванняў жанчыны, «ад Украіны ўсе сябе выразна адгарадзілі»:

— Там людзі проста жывуць сваім жыццём. Адзінае што ў бальніцы да нас падышла медсястра і ціхенька спытала, ці не баімся мы вяртацца ў Мелітопаль. Мабыць, яна нешта слухае і ведае. Астатнім усё роўна. Вось едзем у аўтобусе, па тэлевізары паказваюць віктарыну. Кажу сястры: «Навошта ў Еўпаторыі віктарына пра Байкал, Суздаль і матрошкі? Раскажыце пра Крым — гарады, горы, факты цікавыя». А сястра на мяне глядзіць: «Ну як?! Ну мы ж у Расіі». Вось так працуе ўсё там. Іх ціхенька змянілі, яны нават не заўважаюць. Не ведаю, пра што яны гавораць на кухнях, але вонкава нічога не відаць, і там зусім Расія.

А маім сваякам нібыта памянялі кроў, яны ўжо не проста не ўкраінцы — мне здаецца, яны і паўлюдзі. Кажу: вашыя салдаты гвалтуюць нашых жанчын. Мне адказваюць: «А што, ва Украіне да гэтага не гвалтавалі?» Кажу: вы страляеце па гарадах, знішчаеце мірных жыхароў. Мне ў адказ: «Ды ладна. Мы страляем вельмі прыцэльна, ахвяр вельмі мала». Яны лічаць, што «падарылі нам Херсон».

Выказваць сваё меркаванне тым, хто падтрымлівае Украіну, у Мелітопалі па-ранейшаму небяспечна. Жанчына кажа, што ў горадзе працягваюць знікаць людзі.

— У нашых чатах пастаянна: знік, арыштавалі, забралі, знік, арыштавалі, забралі. Калі ў цябе ўбачаць украінскія тэлеграм-каналы ў тэлефоне, можна папасці вельмі крута, тлумачыць яна. — Неяк у лютым увечары пад’ехалі дзве машыны з кампаніяй у балаклавах з аўтаматамі. Моўчкі зайшлі ў дом, вывелі мужчыну з мяшком на галаве, пасадзілі ў машыну і з’ехалі. Я толькі рот адкрыць паспела. Упершыню гэта бачыла. Гэтага чалавека, праўда, адпусцілі, сказалі, што на яго паступіў данос. Але вы ж разумееце, як адпускаюць? «Ты на кручку, будзеш усё расказваць», — і вы ўжо дзесяць разоў падумаеце, што казаць у прысутнасці гэтага чалавека.

Мы з мамай на ўсялякі выпадак атрымалі расійскія пашпарты — гэта проста магчымасць жыць на сваёй зямлі за гэтай уладай. Маму не чапалі, а вось мяне прымусілі нешта чытаць — ці то клятву Расіі, ці то прысягу. Я нават не памятаю, што гэта было, — у мяне дрыжаў голас і слёзы стаялі ў вачах, я чытала на аўтамаце. Такое адчуванне, што я была пад гіпнозам. Але ў Мелітопалі яшчэ дастаткова людзей з украінскім пашпартам. Ім сказалі або да ліпеня 2024-га прыняць грамадзянства РФ, або пакінуць тэрыторыю.

І многія цяпер кажуць, што Мелітопаль — здраднікі. Гэта няпраўда! З горада выехала 2/3 насельніцтва. З астатніх частка ў падполлі — мы не махаем сцягам, але ціхенька абмяркоўваем, чакаем. І ёсць вялікая канцэнтрацыя калабарантаў, рашыстаў. Гэта, ведаеце, як вадкасць выліць, і на дне будзе асадак. Так і тут — вось гэты ўвесь бруд усплыў на паверхню. Яны крычаць, яны абражаюць. І мы сапраўды іх баімся. Хоць у нас цяпер няма гвалту, жорсткасці, як за акупацыяй у Другую сусветную, нас не абстрэльваюць, як іншыя гарады, — тут у нас ціха суіснуюць ворагі і мірныя жыхары. Мы кансервы, нас у гэтым закансервавалі.

Люди в оккупированном Мелитополе на концерте, который оккупационные власти провели в Мелитополе после "референдума" за присоединение к России. Фото: пророссийский телеграм-канал
Людзі ў акупаваным Мелітопалі на канцэрце, які акупацыйныя ўлады правялі ў Мелітопалі пасля «рэферэндуму» за далучэнне да Расіі. Фота: прарасійскі тэлеграм-канал

Паводле Святланы, вакол Мелітопаля расіяне працягваюць будаваць абарону, ставяць умацаванні ў тры шэрагі: спачатку акопы, следам — «зубы цмока», звязаныя ланцугом, а затым — вялікія супрацьтанкавыя равы.

— Я вельмі люблю свой край, але цяпер не ведаю, што нас чакае: дзе будуць міны, дзе — акопы, снарады, якія не разарваліся. Мы будзем абмежаваныя ў перамяшчэнні, — перажывае за будучыню жанчына і вяртаецца да сучаснасці. — Але ў вайскоўцаў тут сваё жыццё, а ў нас сваё. Мы сабе бульбу саджаем — яны носяцца на бэтээрах. На гэта немагчыма не азірацца. Нядаўна праязджалі міма два, на наступны дзень ужо адзін едзе. Думаю: а другі куды падзелі? Праз дзень і яго цягнуць — падбіты. Мы ціхенька радуемся.

Святлана са сваімі праўкраінскімі знаёмымі таксама чакае контрнаступлення. Але гэтае чаканне цягнецца з самага пачатку акупацыі, таму жанчына не загадвае, калі гэта адбудзецца:

— Цяпер мы баімся, што нас вызваляць, а потым Расія пачне абстрэльваць. Але такія, як я, хто чакае Украіну, да гэтага гатовыя. Астатнія кажуць «абы не стралялі». Была ў адной вёсцы пад Мелітопалем — там такіх 90%. У іх у доме цёпла, у лядоўні ўсё ёсць, а больш нічога і не трэба. А мы жартам абмяркоўваем: ну што, ты падвал падрыхтавала? Кансервы, ваду падрыхтавалі, пакеты падрыхтавалі.

Мы чакалі вызвалення на Новы год, чакалі на Каляды, на Вялікдзень, на 9 траўня. Вы не паверыце, да болю, да фізічнага болю! Потым закрываеш вочы і перастаеш чакаць. Усё, я жыву тут і цяпер. Разумею, што не ўсё так проста. Я еду і бачу: тут жывуць ворагі, там у іх штаб. Думаю: ды скіньце туды ракету! Але гэта мне так здаецца, там, ва УСУ, напэўна, зусім па-іншаму думаюць. Таму мы чакаем. Але мы, Мелітопаль, — гэта Украіна. Мы не Расія, мы вельмі адрозніваемся па ўнутраным змесце. Цяпер мы навучыліся жыць па-іншаму. Разумееце, вось адарвала нагу ці руку — чалавек жа жыве. Без гэтай рукі ці нагі, але жыве. Вось так і мы. Падабаецца ці не — трэба жыць.

Чытайце таксама