Тэлеграм-канал russia no context апублікаваў відэа допыту добраахвотніка 242-га мотастралковага палка УС РФ, 42-гадовага ўраджэнца Новакузнецка Юрыя Пушкарова. У роліку мужчына з гематомамі на твары і целе і ранамі на распухлых руках з цяжкасцю расказвае, як нібыта супрацоўнічаў з украінскімі вайскоўцамі — перадаваў ім інфармацыю пра падрыхтоўку штурмаў свайго падраздзялення за аплату сумай 50 тысяч даляраў за квартал, звярнулі ўвагу «Важные истории».
Мужчына кажа, што падпісаў кантракт з УС РФ пасля таго, як «завербаваўся да ўкраінцаў» і атрымаў тысячу даляраў ад УСУ за сам факт паступлення на службу ў 242-і мотастралковы полк. Усяго, кажа баец, адказваючы на пытанні таго, хто вядзе допыт, ён атрымаў ад УСУ 50 тысяч даляраў наяўнымі праз сябра ў Маскве, прабыўшы на вайне два месяцы. Пры гэтым раней Пушкароў заяўляў, што аплата мусіла праводзіцца раз на тры месяцы.
Асцярожна, відэа можа шакаваць чуллівых людзей.
19 ліпеня той самы ролік з’явіўся ў прарасійскім тэлеграм-канале «Спецназ Новороссии». У подпісе да яго гаворыцца, што «здрадніка» вылічылі байцы 242-га палка. Як сцвярджае канал russia no context, мужчыну «пакаралі смерцю свае ж».
«Наконт гэтага відэа: ён вярнуўся з баявога задання, быў паранены, яго мусілі адправіць у шпіталь, а адправілі на катаванні і прымусілі сказаць тое, што сказаў. Ён бы і пад катаваннямі такога не сказаў, ён не баяўся смерці. Яму прыгразілі, што заб’юць яго сясцёр ці пляменнікаў, ведалі іх адрасы. У яго, акрамя іх, нікога не было», — расказала «Важным историям» блізкая знаёмая Пушкарова.
Паводле яе словаў, крымінальнай справай пра смерць вайскоўца займаецца следства. Яго падрабязнасці невядомыя.
У пачатку красавіка афіцыйны паблік Усцьянскай муніцыпальнай акругі ва «ВКонтакте» апублікаваў некралог, прысвечаны Пушкарову. У ім сцвярджаецца, што вайсковец памёр 24 сакавіка ў шпіталі ад раненняў, атрыманых падчас выканання задання ў шэрагах штурмавой роты ваеннай разведкі.
Паводле публікацыі, мужчына ў 2002 годзе пасля тэрміновай службы пайшоў як кантрактнік на другую чачэнскую вайну. Яго прызналі ветэранам баявых дзеянняў. У 2022 годзе завербаваўся добраахвотнікам у ПВК Вагнера, удзельнічаў у захопе Бахмута, дзе атрымаў раненне, пасля чаго быў узнагароджаны медалём мужнасці, а таксама спецыяльнай узнагародай ад самаабвешчанай ДНР. Пасля выздараўлення ў снежні 2023 года зноў вярнуўся ва Украіну.
«Калегі па ПВК Вагнера і 242-і полк штурмавога атрада ваеннай разведкі прыносяць свае спачуванні сям'і ў сувязі са стратай годнага брата і дзядзькі», — гаварылася ў некралогу.