У штаце Нью-Гэмпшыр памёр першы сёлета чалавек, інфікаваны вірусам усходняга энцэфаліту коней, паведамляе CBS са спасылкай на дэпартамент аховы здароўя штата. Пры гэтым, паводле звестак медыкаў, у 41-гадовага мужчыны не было спадарожных захворванняў, піша RTVI.US.
Усходні энцэфаліт коней (Eastern Equine Encephalitis, EEE) не паддаецца медыкаментознаму лячэнню, можа выклікаць цяжкае паражэнне нервовай сістэмы, уключаючы запаленне мозгу. Да траціны людзей, у якіх з’яўляюцца сімптомы, памірае.
Распаўсюд віруса адбываецца на фоне павелічэння сезону актыўнасці камароў, што звязана з глабальным змяненнем клімату. У ЗША за апошнія дзесяцігоддзі назіраецца значнае павелічэнне колькасці «камарыных дзён», калі тэмпература і вільготнасць спрыяюць актыўнасці гэтых насякомых.
У ЗША акурат у самым разгары сезон наплыву камароў — менавіта ў жніўні і верасні насякомыя асабліва актыўныя. Выпадак заражэння ў Нью-Гэмпшыры стаў пятым сёлета. Паводле звестак цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША, раней інфекцыі былі зарэгістраваныя ў Нью-Джэрсі, Верманце, Вісконсіне і Масачусэтсе.
У апошнім з гэтых штатаў пасля заражэння мясцовага жыхара EЕЕ адразу чатыры гарады абвясцілі лакдаўн. Усяго ў зонах высокай ці крытычнай рызыкі — дзесяць населеных пунктаў Масачусэтса.
Да раёнаў павышанай рызыкі адносяцца Плімут, Карвер, Мідлбара, Дадлі, Аксбрыдж і Нортбрыдж. Да раёнаў з крытычнай адносяцца ставяцца Вэбстэр, Оксфард, Сатан і Дуглас.
Улады ўвялі строгія меры засцярогі ў гарадах Масачусэтса: у Плімуце закрытыя ўсе грамадскія паркі з захаду да світання, калі камары найбольш актыўныя. У Дугласе, Оксфардзе, Сатане і Вэбстэры забароненыя любыя мерапрыемствы на адкрытым паветры пасля 18.00, а c 30 верасня — пасля 17.00.
У 2019 годзе ў Масачусэтсе былі зарэгістраваныя 12 выпадкаў заражэння EEE ў людзей з шасцю смяротнымі вынікамі і пяць выпадкаў з адным смяротным вынікам у 2020-м. У наступныя тры гады ў штаце не выяўлялі выпадкаў заражэння.