Расійскія ўлады рыхтуюцца абмежаваць званкі ў мэсэнджарах пад выглядам барацьбы з ашуканцамі, расказалі «Коммерсанту» дзве крыніцы ў аператарах сувязі і адзін суразмоўца на тэлекам-рынку. З іх словаў, Мінлічбы РФ і Раскамнагляд абмяркоўваюць два варыянты: блакаванне галасавога трафіку толькі з-за мяжы і поўная забарона на галасавыя званкі ў мэсэнджарах.
Пры гэтым, як удакладніў адзін з суразмоўцаў выдання, «галасавыя выклікі ў мэсэнджарах могуць быць заблакаваныя толькі на ўзроўні Раскамнагляду, гэта не пытанне аператараў». Цяпер аператары сувязі могуць бачыць толькі факт выкарыстання абанентам таго ці іншага мэсэнджара, бо ўнутраны трафік праграмаў зашыфраваны, кажа кіраўнік дэпартамента расследаванняў T. Hunter Ігар Бедараў. «Ні рэальных тэлефонных нумароў тых, хто размаўляе, ні інтэнсіўнасці і даўжыні сесій аператар бачыць не можа», — падкрэсліў ён.
Званкі ў мэсэнджарах могуць быць заблакаваныя правайдарамі на ўзроўні серверных каманд, адзначае галоўны эксперт па сеткавых пагрозах кампаніі «Код Безопасности» Канстанцін Гарбуноў. «Галасавы трафік, нават зашыфраваны ў мэсэнджары, мае характэрныя прыкметы, па якіх яго можна выявіць і заблакаваць», — дадае намеснік гендырэктара групы кампаній «Гарда» Рустэм Хайрэтдзінаў. Паводле яго, блакаванне можа ажыццяўляцца з дапамогай абсталявання Раскамнагляду, усталяванага на сетках аператараў сувязі.
Паводле ацэнкі кіраўнічага партнёра TMT Consulting Канстанціна Анкілава, галасавы трафік у мабільных сетках у 2024 годзе ўпаў амаль на 5%. «Гэта не значыць, што людзі сталі менш кантактаваць, гэта значыць, што яны пачалі званіць ці пісаць у мэсэнджарах. Праз гэта блакаванне галасавога трафіку для аператараў, калі б такое адбылося, азначала б аднаўленне рынку», — адзначыў Анкілаў.
Паводле звестак расійскіх аператараў сувязі, каля 40% выклікаў у мэсэнджарах робяць ашуканцы, пры гэтым прыкладна 70% з іх паступае з-за мяжы.